Афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Расею перанеслі


Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расею перанесены «ў сувязі з загружанасцю працоўных графікаў кіраўнікоў Беларусі і Расеі», паведаміў 24 лістапада журналістам прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

«Як вы ведаеце, у нас быў намечаны візіт прэзідэнта Лукашэнкі ў Маскву на паслязаўтра, на чацвер. У сувязі з надзвычайнай загружанасцю двух прэзідэнтаў было вырашана гэты візіт адкласці», – сказаў Пяскоў.

«У бліжэйшы час мы аб’явім аб новых датах правядзення візіту. Гэта ўзаемная дамоўленасць з нашымі беларускімі калегамі», – цытуе словы Пяскова БелаПАН.

Афіцыйны візіт беларускага кіраўніка ў Расею планаваўся на 25-26 лістапада. У Маскве 26 лістапада павінна была адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, затым – перамовы ў пашыраным фармаце. Па выніках сустрэчы анансавалася падпісанне міжнародных дакументаў. Лукашэнка таксама планаваў сустрэцца з прэм’ер-міністрам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым, старшынёй Савету Федэрацыі Федэральнага сходу Валянцінай Мацвіенкай і старшынёй Дзярждумы Сяргеем Нарышкіным.

Абмяркоўваючы будучы візіт з паслом РФ у Беларусі Аляксандрам Сурыкавым, Лукашэнка заявіў 16 лістапада, што «гатовы да сурёзнай гутаркі на тэму беларуска-расейскіх адносін». А памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў у канцы мінулага тыдня паведаміў, што сярод тэм сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі будзе стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі – тэма, якая «яшчэ не да канца зачыненая».

Напярэдадні паездкі Лукашэнкі ў Расею, 24 лістапада, у Сірыі быў збіты расейскі самалёт Су-24. Уладзімір Пуцін паведаміў, што самалёт быў збіты ракетай тыпу «паветра-паветра» з турэцкага F-16 над сірыйскай тэрыторыяй, і ўпаў у Сірыі ў чатырох кіламетрах ад мяжы з Турцыяй. Расейскі прэзідэнт назваў гэта «ударам у спіну» з боку памагатых тэрарыстаў.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў