«Афіцэры – звяры». Сведчанні былых жаўнераў з часткі, дзе павесіўся шараговец Арлоў


У вайсковай частцы 33933, дзе дыслакуецца 11 асобная механізаваная брыгада, 5 верасня павесіўся шараговец Арлоў. Паводле Мінабароны, прычына ў «асабістых абставінах». Belsat.eu даведаўся, у якой атмасферы праходзіць тэрміновая служба ў Слонімскім гарнізоне.

Пра суіцыд у адной з частак Слонімскага гарнізону раніцай 6 верасня паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны. Камісія пры вайсковым ведамстве прыйшла да папярэдняй высновы, што Арлоў здзейсніў самагубства праз «асабістыя абставіны», і яно не звязанае са службай. Да дзембеля шарагоўцу заставалася троху больш за паўгады. Следчы камітэт цяпер праводзіць праверку.

Мы пагутарылі з хлопцамі, якія сёлета ў траўні дэмабілізаваліся з в/ч 33933. Ніхто з іх не памятае шарагоўцу Арлова. Ведаюць толькі, што ў частцы «пацан павесіўся».

На пытанне, ці здараліся ў брыгадзе апошнім часам канфлікты, кажуць: праблема была зусім не ў «дзядах» (стараслужачых), а ў жудасным стаўленні з боку камандзіраў. Былыя жаўнеры называюць прозвішчы канкрэтных афіцэраў, датычных да здзекаў. Але, паколькі рэдакцыя не можа праверыць праўдзівасць кожнага апісанага інцыдэнту, мы іх не называем. Усе імёны нашых суразмоўцаў змененыя.

«Я цешуся, што жыў па дзедаўшчыне»

Жаўнеры слонімскага гарнізону. Фота – slonves.by

Алег С., 20 гадоў

– У нас ніхто не стараўся жыць па статуце, па дзедаўшчыне значна лепей. Цябе ўсе паважаюць, ты «в почёте». Стараслужачыя мне нічога кепскага не рабілі. Было такое прынясі-падай: то каву, то цыгарэты. У краму калі і ганялі, то за іхныя грошы. У мяне грошай не вымагалі, не білі. Можа, таму, што я пад два метры ростам. Баяліся хіба?

Я асабіста вельмі цешуся, што жыў па дзедаўшчыне. Была не праблема нешта зрабіць для «дзембеля», нават калі я – ужо сяржант, а ён – звычайны шараговец. Усіх такі расклад цалкам задавальняў, бо нашыя бацькі гэтак жа служылі. А ў другі перыяд ужо я мусіў стаць «дзембелем», але прыйшла зусім мяккацелая моладзь, ад мамак толькі. Такія ўжо, не дакраніся да іх! Калі камусьці «прапісаў лася», адразу пачынаеш баяцца крымінальнага артыкулу, бо тыя ж могуць паскардзіцца.

«Падчас вучэнняў афіцэры пілі спірт і ладзілі спаборніцтвы»

Фота – 360tv.ru

Дзмітры Л., 21 год

– Я вам скажу, афіцэры – проста зверы. Вясною паехалі мы на вучэнні ў раён Ліды, на палігон. Там жылі ў намётах. Уначы афіцэры, у асноўным, лейтэнанты, старэйшыя лейтэнанты, уключалі ў сваім намёце гучна музыку і пілі гарэлку.

Аднойчы мы бачылі, як яны чысты спірт вадой разбаўлялі. Пасля яны паспрачаліся, чые пацаны першымі падымуцца па камандзе. Пачынаюць гадзіны ў 4 раніцы крычаць «Рота, пад’ём!», у каго першыя прачнуліся – той перамог.

Там жа я бачыў, як камандзір збіваў майго саслужыўца за нейкую правіннасць – падаецца, машына не заводзілася з першага разу. Біў па грудзях кулаком, «паджопнікі» даваў. Канешне, часам за такое хацелася проста ўрэзаць. Калі цябе лічаць кавалкам лайна…

Але гэта не найгоршае. У частцы быў афіцэр, які чапляўся да хлопцаў. Мне распавядаў знаёмы падчас службы, што той пад выглядам «скласці важныя дакументы» зачыняўся з ім у падсобным памяшканні. Там ён загадаў сесці яму на калена і пацалаваў у лоб. За правіннасці гэты ж зампаліт лупцаваў некаторых рамянём. Нешта не спадабалася яму – адразу «На, атрымай!».

«Ты да дзембеля не дажывеш»

Аляксей Т., 20 гадоў

– Хлопец, які павесіўся, служыў у 40-м батальёне. У іх камандзір роты ёсць, ён такую фігню робіць. Я ведаю, бо мы сутыкаліся асабіста. На апошні дзень вучэнняў у Лідзе мінулым летам адзін пацан заснуў, бо стаміліся мы моцна. За гэта ён прымусіў яго ўначы капаць акоп два на два метры штык-нажом.

Аднойчы я выпадкова зачапіў яго плячом, праходзячы міма. Ён пачаў крычаць, два разы ўдарыў у грудзі і прымусіў адціскацца перад усімі. Ведаеце, калі яго пасадзяць, усе будуць шчаслівыя, няхай атрымае па заслугах.

Ну і афіцэр П. прыніжаў мяне на працягу года, зрабіў мяне скрайнім – за любую дробную памылку. Як бы лепш патлумачыць, не вельмі хочацца… Прыніжаў не як жаўнера, а пераходзіў на асабістае, абражаў маіх бацькоў.

Аднойчы ён зачыніў мяне ў кабінеце і пачаў крычаць «Ты да дзембеля не дажывеш, я цябе згнаю! Як ты ўвогуле такі на свет нарадзіўся?». І так, гэта праўда… ён некаторых хлопцаў садзіў на каленкі, дакранаўся.

Скардзіцца? А навошта? Я ж не хацеў, каб мяне за 40 дзён да дзембеля пасадзілі яшчэ на 10 содняў на гаўптвахту.

Смерць Арлова – не першая трагедыя ў Слонімскім гарнізоне

У 2012 годзе 11-я Гвардзейская асобная механізаваная брыгада была прызнаная найлепшай сярод механізаваных брыгад Узброеных сілаў Беларусі. І ўжо ў снежні 2013 года жаўнер тэрміновай службы скончыў жыццё самагубствам. Паводле следства, 20-гадовы Дзяніс павесіўся на кабіне экскаватара, пасварыўшыся з каханай дзяўчынай. Але і дзяўчына, і бацькі хлопца гэта адмаўлялі.

У лютым 2009 года на тэрыторыі парку тэхнікі загарэўся танк Т-72. Пажар спынілі, але ўратаваць аднаго чальца экіпажу не ўдалося і ён памёр ад апёкаў.

Пасля гібелі Аляксандра Коржыча ў Печах восенню 2017-га, недзяржаўная «Газета Слонімская» увосень 2017 года надрукавала артыкул пра дзедаўшчыну ў частцы 33933. Неўзабаве да журналістаў прыйшлі з праверкай міліцыя, сацыяльныя службы, пажарныя – усяго 8 асобаў. Ад аўтараў патрабавалі даць тлумачэнні з нагоды публікацыі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў