АЭС-зомбі ХХ стагоддзя


У гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС цэнтр Вільні пераўтварыўся ў зону адчужэння. Пра небяспеку атамнай энергетыкі мінакам красамоўна нагадвалі вельмі рэалістычныя… зомбі.

Партыя зялёных, што зарганізавала «пачварнае» шэсце, дэкларуе: ядравая энергетыка – гэта монстр мінуўшчыны. Гэты від энергіі не толькі небяспечны, але і эканамічна нявыгадны. Даследаванні паказваюць, што праз 10-20 гадоў устойлівага развіцця ўзнаўляльных крыніцаў энергіі Літва магла б выпрацоўваць у тры разы болей электрычнасці, чым ёй патрэбна, а рэшту прадаваць за мяжу. Асаблівую занепакоенасць літоўцаў выклікае беларуская АЭС у Астраўцы, усяго ў паўсотні кіламетраў ад Вільні.

«Мы мяркуем, што Беларусь парушыла канвенцыю ЭСПО, і гэта прызнаў сам камітэт ЭСПО. Таму што нельга будаваць такі аб’ект, што можа мець моцны ўплыў на суседнія дзяржавы», – кажа дэпутат літоўскага Сейму Лінас Бальсіс.

Паводле інфармацыі палітыка, Расея, што прыпыніла будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Калінінградзе, перавезла неабходнае абсталяванне ў Беларусь, на патрэбы астравецкага аб’екту.

Калі зомбі – гэта толькі алюзія на наступствы радыяцыі, то атамная энергетыка – гэта рэальная праблема. Калі беларускую АЭС усё ж дабудуюць, то Вільні давядзецца рыхтаваць план эвакуацыі.

Настасся Яўмен, «Белсат», Вільня.

Глядзі таксама
Каментары