Адзіны ў Беларусі Музей прасаў ствараюць ў Горадні


Ягоны фундатар – прыватны калекцыянер – сабраў каля 500 прасаў і прадметаў кухоннага быту.

Музей, які мае афіцыйна адкрыцца праз тыдзень-два, месціцца на другім паверсе камяніцы ХІХ ст. у самым цэнтры гораду – на Савецкай, 7. Каб трапіць у ягоныя сховішчы трэба зайсці ўва двор будынку, а пасля падняцца на другі паверх па даўнішняй драўлянай лесвіцы.

Музей праса – вынік 15 год калекцыянавання кухонных механізмаў і прыладаў колішнім чыгуначнікам і майстрам помнікаў Алегам Яршом. Ягоная калекцыя – гэта не толькі прасы, але яшчэ і мясарубкі, прылады для чысткі яблыкаў, для перамолвання цукру, для вырабу сасісак… Большасць прадметаў паходзіць з мяжы ХІХ і ХХ стагоддзя.

– Вось гэты вугальны прас, напрыклад, называецца «Кайзер», – распавядае спадар Алег, – яго вага – 15 кг, лічы сапраўдная гіра! Ім прасавалі шынэлі ў нямецкім войску напярэдадні і падчас І сусветнай вайны. Прылада вельмі практычная: ягоная труба разварочваецца ў розныя бакі, таму ім можа карыстацца як праўша, так і ляўша.

Збіральнік гаворыць, што стварэнне музею – гэта, фактычна, рэалізацыя яго даўнішняй мары. Тым больш, што аналагічных музеяў нідзе ў Беларусі няма. Найбліжэйшыя аналагі – у Францыі ды Расеі.

«У нас цалкам іншы фармат, чым у дзяржаўных музеяў, – працягвае Алег Мікалаевіч, – мы займаем сваю нішу, маем свой профіль. Тым больш, што ёсць інтэрактыўны элемент: у нас будзе адмысловы стол, дзе можна будзе паспрабаваць папрасаваць рэчы, як гэта рабілася 100 год таму».

Цікава, што па сценах двух музейных пакояў развешаныя рэпрадукцыі карцінаў класікаў, якія аднаўляюць побытавыя сцэны былых часоў, звязаныя з прасаваннем адзежы або кухоннымі «рытуаламі».

Поруч з музеем будзе працаваць лаўка старажытнасцяў, дзе кожны натхнёны наведнік зможа купіць цікавінкі і для свайго хатняга інтэр’еру.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў