Адзіны супраць «единственного»


Анатоль Лябедзька, Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі падчас прэс-канферэнцыі 25 лістапада ў Менску прапанаваў у якасці адзінага кандыдата на будучых выбарах прэзідэнта Беларусі кандыдатуру палітвязня Міколы Статкевіча (знаходзіцца за кратамі са снежня 2010 года), – паведамляе «Еўрарадыё».

Другім кандыдатам у прэзідэнты будзе сам Анатоль Лябедзька. Але ён пакідае за сабой права зняцца з выбараў.

Сёлета на экстранным паседжанні прадстаўнікоў беларускай апазіцыі быў падпісаны дакумент, у якім Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду», партыя БНФ, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і грамадская ініцыятыва «Гавары праўду» прапануюць правесці ў 2015 годзе кангрэс дэмакратычных сілаў, каб абраць на ім адзінага кандыдата ад апазіцыі.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Працэдура прадугледжвала згоду шасці ўдзельнікаў г. зв. «сямёркі». Аб’яднаная грамадзянская партыя і партыя экс-камуністаў «Справядлівы свет» ўспрынялі гэтую ініцыятыву як недарэчнасць і не далі сваю згоду на абранне адзінага на кангрэсе.

Міколу Статкевічу 58 гадоў. Ён – падпалкоўнік запасу, экс-кандыдат у прэзідэнты, дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху. У траўні 2011 года быў асуджаны на 6 гадоў зняволення «за арганізацыю масавых беспарадкаў» 19 снежня 2010-га ў Менску. Палітвязень знаходзіцца ў магілёўскай турме № 4. Вызвалення Міколы Статкевіча, як і іншых палітвязняў, патрабуюць ад уладаў Беларусі Еўразвяз і ЗША.

ЮВ, belsat.eu, паводле «Еўрарадыё»

Стужка навінаў