Адзіны ў расейскай Думе, хто супраць анексіі Крыму: Пуцін не мае ілюзій пра імперыю


Дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ Ілля Панамароў даў інтэрвю «Белсату».

«Я не лічу, што ў Пуціна ёсць планы аднаўлення імперыі. Я лічу, што гэта немагчыма, і ён не мае падобных ілюзій. Мяркую, што галоўная матывацыя ўсіх падзеяў ва Украіне для яго мае ўнутрыпалітычны характар, характар умацавання ягонай улады ўнутры краіны», – адзначыў у праграме «ПраСвет» спадар Панамароў.

Праграма «ПраCвет» выходзіць на «Белсаце» кожную пятніцу а 21.45. Глядзець яе можна ў онлайнавай трансляцыі на нашым сайце, а пасля эфіру – у нашым архіве.

Галоўны чыннік, які можа паўплываць на палітыку Пуціна, – гэта эканамічны поспех Украіны, лічыць расейскі дэпутат. «Калі ЗША і Еўразвяз дапамогуць Украіне ў пабудове развітай эканомікі, калі распрацоўка радовішчаў сланцавага газу ва Усходняй Еўропе дазволіць асягнуць энергетычную незалежнасць ад паставак газу з Расеі, – вось гэта будзе сурёзна», – заўважыў палітык.

Паводле спадара Панамарова, эканамічныя санкцыі Захаду супраць Расеі – контрпрадуктыўныя, бо трапляюць у звычайных людзей ды ўмацоўваюць уладу Пуціна, які можа лішні раз сказаць: «Вось бачыце, гэта змагаюцца з усім расейскім народам. Вось бачыце, Захад – гэта наш вораг».

На думку прадстаўніка Думы, нашмат больш эфектыўнымі былі б персанальныя санкцыі. «Тут Захад пайшоў недалёка, гэта значыць прымяніў санкцыі толькі супраць бліжняга кола прэзідэнта Пуціна, тым самым паказаўшы шырокім колам дзяржаўных чыноўнікаў, што яны могуць карыстацца імунітэтам», – заўважыў палітык.

Ілля Панамароў – расейскі палітычны дзеяч, прадпрымальнік у галіне высокіх тэхналогіяў, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі 5-га і 6-га скліканняў. 20 сакавіка 2014 года Ілля Панамароў быў адзіным дэпутатам, хто галасаваў супраць далучэння Крыму да Расеі на пазачарговым пасяджэнні Дзяржаўнай Думы. 433 дэпутаты прагаласавалі «за».

Больш – у відэаматэрыяле.

У гэтым жа выданні>>> эксклюзіўнае інтэрв’ю з Аннай Паліткоўскай, запісанае за некалькі дзён да ейнага забойства.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў