Адзіны беларускамоўны вучань: «Спачатку былі дні лютай трасянкі»


Напярэдадні Дня роднай мовы Belsat.eu паразмаўляў з дзевяцікласнікам Дзмітрыем Грамацкім – адзіным, хто навучаецца па-беларуску ў сталічнай школе №89.

Дзмітры Грамацкі загаварыў на мове так, каб не спыняцца, летась. Але і цяпер штодзень да яго падбягаюць вучні малодшых класаў і пытаюцца: «А чаму ты па-беларуску размаўляеш?»

«Я заўжды цікавіўся беларускай музыкай, гісторыяй. Лічыў сябе ліцвінам паводле паходжання. Потым пазнаёміўся з хлопцам, які гэтак жа як ягоны бацька і брат выдатна размаўляюць па-беларуску. Летась вырашыў гаварыць сам: ладзіў дні беларускай мовы. Вядома, гэта былі дні лютай трасянкі. Праўда, пасля лета з’явіліся яшчэ два фактары, якія паўплывалі на маю беларускамоўнасць. Па-першае, пачаў займацца на курсах «Мова Нанова». Беларускае асяроддзе вельмі дапамагае перайсці на мову. Па-другое, чацвёртае падарожжа з бацькамі ва Львоў, калі я размаўляў толькі па-беларуску. Украінцы выдатна разумеюць нашу мову. Пасля прыезду адтуль, у кастрычніку, да рускай мовы я не вяртаўся», – распавядае Дзіма.

Маці хоць і не гаворыць, але разумее і падтрымлівае сына ў ягоным імкненні. А бацька часам і сам размаўляе. «Бацькі былі маімі гідамі ў беларускай музыцы. Дзякуючы маці, я добра знаёмы з творчасцю Вольскага і NRM. Таму маю беларускамоўнасць яны ўспрынялі вельмі добра. Маці прапанавала мне хадзіць на курсы «Мова Нанова». І гэта заўсёды адзін з лепшых дзён на тыдні. Калі казаць пра сяброў, то яны адрэагавалі так: «О, хоць з табой мову падвучым!», – усміхаецца хлопец.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Паспеў ухапіць беларускі падручнік па гісторыі

Настаўнікі ў школе ад такіх перамен здзіўляліся, але падтрымлівалі. Цяпер Дзіма па-расейску размаўляе толькі з настаўніцай рускай мовы, а па-ангельску – з настаўніцай па англельскай. Прэзентацыі і даклады хлопец рыхтуе па-беларуску. На ацэнку гэта ніяк не ўплывае, заўважыў ён.

Часам вучню бывае цяжкавата, калі даводзіцца рыхтаваць новы матэрыял па нейкай тэме і перакладаць раней невядомыя словы і паняцці. Адзіныя беларускамоўныя падручнікі, якія ён мае, – па гісторыі Беларусі для 9-а і 11-а класаў. Для 11-а паспеў ухапіць у бібліятэцы, пакуль не спісалі, а за 9-ы набыў.

Да гісторыі ў хлопца асаблівае стаўленне. Літаратураю па тэме ён захапляўся больш, чым мастацкаю. «Гісторыя ў нас вялікая, якая дае нам права з гонарам называць сябе ці беларусамі, ці ліцвінамі, тут ужо як каму бліжэй. І гісторыю трэба шанаваць», – дадае вучань.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

100500 пытанняў ад сяброў

Самым складаным у пераходзе на мову для Дзімы было не проста абвясціць усім пра гэта, а патлумачыць прычыны.
«А чаму ты размаўляеш? А з бацькамі размаўляеш? З кім яшчэ? – вось гэтыя 100500 пытанняў ад кожнага сябра для мяне былі самым складаным. З лінгвістычнага боку ўсё проста – цалкам пазбавіцца ад трасянкі. Каб перайсці на беларускую мову дастаткова пары месяцаў. Вядома, потым яшчэ доўга трэба шліфаваць маўленне».

Што значыць «праз»?

Звычайна людзі на вуліцы, у крамах, кавярнях разумеюць па-беларуску. Дзіма прыгадвае адзін складаны выпадак.

«Мне трэба было даведацца, ці ідзе аўтобус праз мост. Запытаўся ў чалавека, а ён не разумее, просіць паўтарыць. Я паўтараю. Ён ізноў просіць: «Праз? Што значыць праз?» Потым плюнуў і адышоў, а я спытаў у іншага».

Аднак такі выпадак адзінкавы, зазначае Дзіма. «Неяк з сябрам былі жудасна галодныя. Пайшлі ў «Макдональдс». Ён заняў нам месцы каля нейкіх дзяўчат. Мы сядзелі, самі сабе размаўлялі. І тут мы чуем, як гэтыя дзяўчаты, не зважаючы на нас, пачалі ў голас абмяркоўваць маю беларускую мову. Сядзім мы, слухаем. А яны: «Вось калі да мяне па-беларуску звяртаюцца, я таксама адказваю па-беларуску. Чаму так складана размаўляць? Гэта ж проста!»

Усім, хто хоча пачаць, Дзіма раіць лупіць на трасянцы, як казаў Алег Трусаў. І займець сабе беларускае асяроддзе хаця б на адзін дзень. Аднадумцаў хапае, упэўнены хлопец. А калі разам з гэтым чытаць беларускія кнігі, то дакладна ўсё атрымаецца.

Настасся Маланка, belsat.eu

Стужка навінаў