«Адзіная такая». Калі ў вас дэпрэсія, паглядзіце гэты фільм


Калі вам надакучыла руціна, калі апускаюцца рукі і падаецца, што горш быць не можа, паглядзіце на старонцы «Белсату» новы фільм Вольгі Дашук «Адзіная такая». Пра дзяўчыну, якая не хадзіла і з цяжкасцю гаварыла, а пасля абараніла два дыпломы і стала запатрабаванай мадэллю. Аднак, аказалася, нават гэта не тое, чаго яна прагне найбольш.

Мова пра Ангеліну Уэльскую, адзіную беларускую мадэль з дзіцячым цэрэбральным паралюшам і экзатычным прозвішчам, якое дасталася ад продкаў. Гутарым з рэжысёркаю Вольгаю Дашук.

– Як вы пазнаёміліся з Ангелінай і яе мамай Вольгай і чаму вырашылі здымаць фільм?

– Тэму падказаў мой бацька. Аднойчы ён паказаў выразку з газеты, гэта было рэкламнае фота. На канапе ляжала танклявая светлавалосая дзяўчына ў беласнежнай карункавай сукенцы і ў такіх жа доўгіх карункавых пальчатках, вельмі рамантычны вобраз. І быў подпіс: «Ангеліна Уэльская, першая беларуская мадэль з цэрэбральным паралюшам».

Я сустрэлася з Уэльскімі і была ўражаная імі. Іх знешняй прыгажосцю – і мамы, і дачкі, – іх філасофіяй, іх воляй, у рэшце рэшт, іх смеласцю супрацьстаяць цяжкім жыццёвым абставінам і таму, што думалі пра іх лад жыцця іншыя. Як выразілася сама Вольга Уэльская, яны з Ангелінаю жывуць «насуперак». А таксама іх здольнасцю да ўнутранай трансфармацыі. Бо самае цяжкае ў жыцці – менавіта сябе памяняць. Сваё мысленне, свае ўчынкі, сваё стаўленне да нейкіх рэчаў, сваю коснасць, якая з гадамі толькі ўмацоўваецца. А яны гэта змаглі.

Вольга Уэльская. Кадр з фільму Вольга Дашук «Адзіная такая»

– У фільме ёсць сцэна з таго самага конкурсу, дзе на вазку танчыць дзяўчына без рук і ног…

– Мне гэты фільм прынёс уласны няпросты досвед. Калі ў мяне пыталіся, чым я займаюся, я распавядала пра будучую стужку: дзяўчына з цэрэбральным паралюшам працуе мадэллю, здымаецца ў рэкламе, не саромеецца свайго цела, удзельнічае ў прэстыжным конкурсе прыгажосці сусветнага ўзроўню. Рэакцыя была неадназначнай: «Каму гэта трэба? Хто на гэта захоча глядзець? Гэта такая неэстэтычная і нудная тэма…». Я як рэжысёр у нейкай ступені адчула тое супраціўленне і асуджэнне, з якімі штодня сутыкаюцца Ангеліна і Вольга, на мяне распаўсюдзіліся адносіны, якія яны на сабе пастаянна зазнаюць. І я ўвесь час думала: «Калі мне так непрыемна, а як жа пачуваюцца яны?».

Дайшло да крайнасці: праз гэты фільм я страціла сяброўку. Якраз вярталася пасля здымак на конкурсе «Міс Свету на інвалідным вазку». Мяне вельмі ўразілі лёсы ўдзельніц. І якімі прыгожымі могуць быць жанчыны нават пасля жахлівых траўм, са страшнымі дыягназамі, і наколькі моцна іх могуць кахаць, нават калі яны ў такім стане. Шмат хто з удзельніц прыехаў з хлопцам або мужам.

Напрыклад, фінка Каці з неверагоднай гісторыяй. У мінулым паспяховая мадэль, яна перажыла інсульт у 23 гады, які позна дыягнаставалі. Яе цалкам паралізавала. Яна нават не гаворыць, можа толькі ўсміхацца. Паміж броваў пад скуру ёй ужывілі чып, і калі яна глядзіць на экран манітора, на ім узнікаюць літары – толькі так яна кантактуе са светам. Са сваім будучым мужам яна пазнаёмілася праз інтэрнэт, яны жанатыя ўжо восем гадоў.

Ці амерыканка Джэніфер, у якой няма ні рук, ні ног. Яна спявае на сцэне, выступае як комік, заўзята займаецца сэрфінгам. І вось, еду дадому, уражаная, напісала сяброўцы, падзялілася. Яна адказала нечакана грэбліва: «Ну і конкурс, вельмі на аматара…». Я так здзівілася, пішу ёй, што нядобра так ставіцца: на месцы гэтых дзеўчын можа кожны апынуцца, у тым ліку і яна… Пасля гэтай маёй рэплікі яна імгненна выдаліла мяне з кантактаў і перарвала ўсялякія адносіны. Так што калі стаўленне да людзей з інваліднасцю і мяняецца, то пакуль што не кардынальна.

Ангеліна Уэльская. Кадр з фільму Вольга Дашук «Адзіная такая»

– Вы здымалі фільм цягам чатырох гадоў. Ён атрымаўся іншым, чым задумвалі напачатку?

– У дакументальным кіно заўсёды нешта мяняецца, бо жыццё пастаянна дае нейкія новыя акалічнасці і падзеі. Нязменнай засталася мая цікавасць да іх як да герояў. Мяне ўражвала іх штодзённае змаганне. Можна сказаць, яны сябе, як Мюнхгаўзэн, за коску з балота выцягваюць. І не ў тым сэнсе, што гэта фантазія. Гэта прыкладна такое ж неверагоднае намаганне.

І гэта ўдалося: маленькая Ангеліна не хадзіла і амаль не размаўляла. Яны рабілі ўсё, каб яна развівалася. Цяпер яна гаворыць і, хоць з падтрымкаю, але ходзіць. Атрымала добрую адукацыю і стала мадэллю. Гэта велізарная штодзённая праца, найперш для Вольгі. Большасць людзей з інваліднасцю, параўнальнай з Ангелінінай, жывуць замкнёна ў сваім пакоі. Яны нават не думаюць, што можа быць інакш.

У мяне выклікае павагу Вольгіна адданасць як маці. Яна музыка, мелася быць кампазітарам. Але нарадзілася Ангеліна, і яна сталася галоўнай справай Вольгінага жыцця. Цяпер, акрамя ўсяго астатняга, Вольга працуе Ангелініным менеджарам, і ёй гэта цікава.

– Калі вы пазнаёміліся, Ангеліна была студэнткай Універсітэту культуры.

– Яна яго паспяхова скончыла. Пасля паступіла ў магістратуру Акадэміі мастацтваў, дзе таксама была першай такой студэнткай. Атрымала выдатныя адзнакі, стала магістрам мастацтвазнаўства. За гэтыя гады іх запрашалі на тэлебачанне, не толькі ў нас, але і ў суседніх краінах. Былі рэкламныя кампаніі, былі новыя фотасесіі. Было мноства інтэрв’ю. Ангеліна і яе мама вядуць калонкі ў глянцавым часопісе.

– Удзел у кастынгах – цяжкая праца. І поўная расчараванняў, для любога чалавека.

– Было многа цікавых і новых для нашай прасторы праектаў, якія нічым не скончыліся, таму што такі спецыфічны мадэлінг у нас усё яшчэ не надта развіваецца. Былі шматлікія кастынгі ў агенцтвах – з вынікам, а часцей – без. Адным словам, жыццё мадэлі… У рэшце рэшт, у 2017-ым годзе Ангеліну запрасілі ўзяць удзел у конкурсе прыгажосці «Міс Свету на інвалідным вазку». Гэта, дарэчы, першы такі конкурс у гісторыі.

Ангеліна Уэльская. Кадр з фільму Вольгі Дашук «Адзіная такая»

– У фільме няма бацькі або іншага мужчыны. Усе складанасці вынесеныя на жаночых плячах. Падаецца, гэта тыповая для Беларусі сітуацыя. Вы хацелі паказаць гэта фільмам?

– З бацькам Ангеліны – звычайная гісторыя. Ён аказаўся негатовы да такога дзіцяці і пакінуў сям’ю, калі Ангеліне было тры гады. Вольга мусіла спраўляцца сама. Доўгі час кантакту з бацькам не было.

Адносіны ўзнавіліся, калі Ангеліна стала папулярнай. Пра яе як мадэль сталі пісаць, усюды з’яўляліся ейныя фатаграфіі, пра яе рабілі тэлесюжэты. І бацька, у якога іншая сям’я, сам Ангеліну знайшоў. Вольга і Ангеліна прабачылі яго. Вольга са спачуваннем гаворыць, што за гэтыя гады ён перажыў шмат гора і змяніўся.

Увогуле, у Вольгі – эфектнай жанчыны і яркай індывідуальнасці – вельмі драматычны жаночы лёс. Аднак яе асабістая гісторыя – гэта ўжо іншы фільм. Галоўнае, што нягоды і выпрабаванні не пазбавілі яе ўнутранай годнасці, здольнасці любіць і надзвычайнай жаноцкасці.

Вольга і Ангеліна Уэльскія. Архіўны кадр з фільму Вольга Дашук «Адзіная такая»

– Ці змяняюцца ў Беларусі адносіны да людзей з абмежаванымі магчымасцямі? Што вы бачыце?

– Ангеліна супраць такой фармулёўкі – «абмежаваныя магчымасці». Магчымасці людзей з інваліднасцю яна лічыць «асаблівымі». Аргументуе гэта тым, што «неабмежаваныя» магчымасці толькі Бог мае, а звычайныя людзі ўсе ў нечым абмежаваныя.

Само існаванне ў Беларусі мадэлі з ДЦП – феномен, знак гэтых зменаў. Ангеліна з Вольгай пачыналі ў 2010-м, калі гэта было рэччу нечуванай. Я была побач, калі яна здымалася для рэкламнага роліка разам са стандартнымі мадэлямі. У фільме таксама ёсць момант – сумесная фотасесія Ангеліны, яе мамы (як мадэлі «35 гадоў плюс») і яшчэ дзвюх дзеўчын – «плюс сайз» і невідушчай.

У Ангеліны актыўнае грамадскае жыццё. Не праходзіць і некалькіх дзён, як іх з Вольгай кудысьці запрашаюць – на публічную акцыю, даць майстар-клас, узяць удзел у святкаванні ці выступіць матывацыйным спікерам. Ангеліна ў гэтым сэнсе вельмі запатрабаваная. Аднак змены датычаць, хутчэй, агульнага стаўлення і прыняцця людзей з інваліднасцю. Але, напрыклад, зарабляць працай мадэлі ў такой сітуацыі, каб гэта годна аплачвалася, у нас усё яшчэ немагчыма.

Размаўляла Інга Астраўцова

Глядзі таксама
Каментары