Абвешчаны прысуд у «педафільскай справе»


28 снежня а 10:00 у Менскім гарадскім вынеслі прысуд Вячаславу Давыдовічу (на фота ў цэнтры), былому працаўніку міліцыі і экс-працаўніку Адміністрацыі прэзідэнта.

Суддзя пакінула ў сіле рашэнне па эканамічным злачынствы і прызнала яго вінаватым ў сувязі з няпоўнагадовымі.  Былога кіраўніка міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «У дапамогу дзецям-сіратам» асудзілі на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Цяпер ён ужо адбывае пакаранне за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць без рэгістрацыі. За гэта суд прысудзіў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады і забараніў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на тэрмін 5 гадоў.

За “іншыя дзеянні сексуальнага характару” у дачыненні непаўнагадовай асобы суд пакараў Давыдовіча пазбаўленнем волі на чатыры гады. Пры гэтым суд прымяніў  частку 2 артыкулу 72 КК у якой гаворка ідзе пра частковае складанне пакаранняў. У выніку Давідовіч мае адбыць за кратамі 5 гадоў, ды атрымаў забарону займацца бізнесам на такі ж тэрмін.

То бок, па новых абвінавачваннях яму засталося адбываць пакаранне няпоўныя два гады (1 год 8 месяцаў, паводле адвакаткі Кацярыны Шакун).

Сваю віну 50-гадовы Давыдовіч не прызнаў. Ён яшчэ не вырашыў, ці будзе абскарджваць прысуд.

Спачатаку супраць яго распачалі 5 крымінальных спраў, але ў працэсе шэраг абвінавачванняў знялі.

Разгляд справы Давыдовіча пачаўся ў ліпені 2014-га года, але быў прыпынены. Узнавілі справу ўлетку 2015-га года, а разглядаць у закрытым рэжыме пачалі ў верасні сёлета.

У 2014 годзе ў гэтай справе ўжо асудзілі дваіх менскіх педафілаў, якія прадстаўляліся дзецям трэнерамі па веласпорце і футболе. У нататніку першага злачынцы знайшлі 800 імёнаў хлопчыкаў. Яшчэ два нататнікі ён паспеў знішчыць. Другі педафіл заявіў у судзе, што ягонымі ахвярамі сталі ад 8 да 10 тыс. чалавек. Абодвух пасадзілі ў 2014-м.

«Раварысты» заманьвалі дзяцей у катэдж, размешчаны ў менскім мікрараёне Зацень – дом належаў Давыдовічу. Яго затрымалі ў гэтым катэджы ў жніўні 2013 года, але справу супраць яго завялі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і пазней асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

Кіраўнік грамадскага аб’яднання «Разуменне» Андрэй Маханько, кажа, што на лаву падсудных маглі б сесці яшчэ некалькі дзясяткаў асобаў, вельмі высокапастаўленых: «Гэта вядомыя ў Беларусі людзі. Яны нават паказваюцца на экранах тэлевізараў. Яны дасюль пры пасадах».

ЮВ / ДР belsat.eu

Стужка навінаў