Адзін з лідараў АГП, нязгодны з прызначэннем Канапацкай, можа пакінуць партыю


Malochka

Віктар Малочка

Кіраўнік Менскай абласной арганізацыі АГП Віктар Малочка пасля абрання ў парламент Ганны Канапацкай, выказаў жаданне сысці з пасады.

«У сувязі з тым, што партыя АГП дала згоду на «прызначэнне» аднаго з яе сябраў у Палату прадстаўнікоў, лічу для сябе далейшае кіраўніцтва Менскай абласной арганізацыяй АГП немэтазгодным», – напісаў палітык у «Facebookʼу».

Віктар Малочка дадаў, што адпаведную заяву накіруе на сустрэчу спікераў Абʼяднанай грамадзянскай партыі, якая адбудзецца 25 верасня. А таксама адзначыў, што сваё знаходжанне ў АГП ён абмяркуе з сябрамі партыі.

Анатоль Лябедзька пракаментаваў заяву Малочкі

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька яшчэ не абмяркоўваў гэтае пытанне з Малочкам.

«На сённяшняй прэс-канферэнцыі я паведаміў, што рашэнне выкарыстоўваць мандат Канапацкай было прынятае большасцю на кансультрацыях як у межах партыі, так і Правацэнтрысцкай кааліцыі», – пракаментаваў палітык.

Лябедзька сказаў, што АГП зʼяўляецца дэмакратычнай структурай, а таму не разлічвае на 100-адсоткавую падтрымку калегаў па ўсіх пытаннях, але рашэнні трэба прымаць сыходзячы з меркавання большасці. Таму ён чакае, што падобныя заява і дэмаршы яшчэ будуць адбывацца.

«Калі шараговы сябра партыі можа не выконваць рашэнні палітрады, то кіраўнік абласной арганізацыі мусіць у выпадку нязгоды пакінуць сваю пасаду», – удакладніў Анатоль Лябедзька.

Ён дадаў, што 25 верасня пройдзе «унутранае мерапрыемства», дзе магчыма яшчэ раз будзе падымацца пытанне наконт мандату Канапацкай, хаця акцэнт на ім будзе зроблены на аналізе кампаніі, што адбылася.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by, фотаздымак saligorsk.org

Стужка навінаў