Адзін айцішнік на ўсю краіну. Хто яны, кандыдаты ў дэпутаты абласных саветаў?


Пікет у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У Беларусі ў выбарах у абласныя саветы прымуць удзел 758 кандыдатаў у дэпутаты. Толькі 193 з іх – жанчыны. На мінулым тыдні belsat.eu прааналізаваў профілі кандыдатаў Менгарсавету. Партрэты тыповых кандыдатаў у шэсць аблсаветаў краіны маюць свае асаблівасці.

Узрост

Кандыдаты агулам па краіне значна старэйшыя за сваіх калегаў-менчукоў. Калі ў Менску ў выбарах бяруць удзел шмат маладзёнаў, а сярэдні ўзрост вагаецца каля 40 гадоў, то для абласных кандыдатаў гэтая лічба блізіцца да 50-ці. За рэдкім выключэннем, тут амаль няма студэнтаў. Мала і тых, хто нарадзіўся ў 1990-х.

У Віцебскай вобласці жыве найстарэйшы кандыдат – Леанід Іванавіч Бірукоў нарадзіўся ў 1936 годзе, удзельнічае ў выбарах у Полацку і з’яўляецца сябрам Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Самая маладая вобласць – Магілёўская. Тут паказчык сярэдняга ўзросту кандыдатаў амаль параўнальны з Менскам – 43 гады.

Імя

Як і ў Менску, найпапулярнейшым імем для кандыдата ў дэпутаты з’яўляецца Аляксандр. З усіх 565 мужчынаў-кандыдатаў у аблсаветы 83 – Аляксандры. За Аляксандрамі найчасцей падаваліся ў дэпутаты Уладзіміры, Мікалаі і Сяргеі.

Сярод жанчын аднастайнасці няма. Найпапулярнейшае ў Менску імя кандыдаткі Таццяна ў рэгіёнах займае нязначныя пазіцыі. Тут найчасцей у спісах сустракаюцца Алены, Святланы, Наталлі.

Юлія Ганісеўская на пікеце ў Гомлі

Партыйная прыналежнасць

Амаль 3/4 кандыдатаў у аблсаветы не належаць ні да адной з зарэгістраваных партыяў. Найбольш беспартыйныя – Берасцейская і Гарадзенская вобласці.

Пікет у цэнтры Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Цікава, што вобласці моцна адрозніваюцца ад сталіцы па колькасці кандыдатаў у дэпутаты з ліку камуністаў. У Менску Камуністычная партыя – другая па прадстаўніцтве ў Менску пасля Ліберальна-дэмакратычнай партыі – 42 з 110 партыйных кандыдатаў і кандытатак. Тым часам, у вобласцях агульная колькасць камуністаў амаль у два разы меншая, чым у адным толькі Менску. Да таго ж, у Гарадзенскай вобласці кандыдатаў-камуністаў няма зусім. Няма іх і ў горадзе Берасці і ў горадзе Магілёве. У Віцебску іх толькі двое, затое ў раёнах Віцебскай вобласці няма ні воднага.

Ліберальна-дэмакратычная партыя – найбольш папулярная сярод беларускіх кандыдатаў у рэгіёнах – 110 асобаў. Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ маюць 30 і 4 прадстаўнікі ў краіне адпаведна. 24 – Беларуская партыя «Справядлівы свет», 21 – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», 17 – Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.

Прафесія

Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

На жаль, абласныя выканаўчыя камітэты не паклапаціліся пра тое, каб апублікаваць для сваіх выбарнікаў звесткі пра даход і маёмасць мясцовых кандыдатаў у дэпутаты, як гэта зрабіў Менгарвыканкам. На першы погляд на месцы працы кандыдатаў, кола іхнай занятасці выглядае падобным на сталічнае – тут шмат «кіраўнікоў», «начальнікаў», «дырэктараў» і «намеснікаў». У тым ліку, асобаў з кіраўніцтва буйных дзяржаўных вытворчасцяў і прадпрыемстваў.

Напрыклад, у Горадні ў спісах ёсць генеральны дырэктар ААТ «Гродна Азот» Ігар Бобыр. Разам з ім балатуецца ў дэпутаты і майстар па рамонце тэхналагічнага абсталявання гэтага ж прадпрыемства Аляксандр Мікалута.

У Салігорску «Беларуськалій» прадстаўлены начальнікам аддзелу ідэалагічнай працы Наталляй Навіцкай. Там жа ў кандыдатах і генеральны дырэктар ААТ «Купалінка» Таццяна Ярота.

У Жодзіна кандыдатам выступае Пётр Пархомчык, генеральны дырэктар ААТ «Белаз – кіруючая кампанія холдынгу Белаз-Холдынг». У Слуцку – дырэктар ААТ «Слуцкі ўксусны завод». У Светлагорску – генеральны дырэктар ААТ «Светлагорскхімвалакно». У Мазыры – генеральны дырэктар ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» Віталій Паўлаў, а ў Жлобіне – генеральны дырэктар ААТ «Беларускі металургічны завод – кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская металургічная кампанія» Анатолій Савенак. У Наваполацку – генеральны дырэктар ААТ «Нафтан» Андрэй Дзямідаў.

Тут і дырэктары Гомельскага хімічнага заводу, Тураўскага малочнага камбінату, прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно», Наваполацкага «Нафтазаводмантаж», дырэктары мясакамбінатаў, хлебазаводаў, заводаў малочных вырабаў…

Пікет у Гомлі

Калі ў Менску балатуецца ў дэпутаты генеральны дырэктар менскага нацыянальнага аэрапорту, то ў горадзе Чэрвені Менскай вобласці выступае кандыдатам грузчык гэтага ж аэрапорту Аляксандр Суконкін.

Калі кандыдат у дэпутаты аблсаветаў у Беларусі не працуе ў кіраўніцтве дзяржпрадпрыемства, то ўсё роўна хутчэй за ўсё ягоная прафесія звязаная з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, аховы здароўя, камунальных паслугаў або войска і пракуратуры. Палітычна актыўнымі, мяркуючы па спісах, у нашай краіне ёсць дырэктары школы і галоўныя ўрачы абласных і раённых шпіталяў. У кожнай вобласці ў спісах ёсць пяць ці шэсць галоўных дактароў. Каля 60-ці дырэктараў і намеснікаў дырэктараў школаў, гімназіяў і дзіцячых садкоў балатуюцца кандыдатамі ў аблсаветы.

Агулам, па краіне разнастайнасці ў прафесіях менш, чым у горадзе Менску. У сталіцы актыўней прадстаўлены бізнес, а таксама ў спісах ёсць працаўнікі розных галінаў сферы паслугаў, медыйныя асобы, спартоўцы. У рэгіёнах жа, відавочна бачна залежнасць ад спецыялізацыі. Напрыклад, у Берасцейскай вобласці шмат працаўнікоў чыгункі. У Гомельскай і Менскай – цяжкай вытворчасці.

69 пенсіянераў, 26 індывідуальных прадпрымальнікаў і па 1 настаўніку на вобласць. У Пінску ёсць акруга, дзе за дэпутацкае месца спрачаюцца паміж сабой пракурор і пенсіянерка.

І на ўсе аблсаветы краіны ў нас АДЗІН айцішнік – інжынер-праграміст у Магілёве.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары