Александр Федута Адыгралі чарговы раўнд «дэмакратыі» перад гасцямі і зноў можна саджаць

паліткансультант

Ніякіх пытанняў: манеры беларускіх уладаў ніяк не змяніліся з 2010 года. Прыязджаюць высокія госці, нашыя высокія гаспадары іх прымаюць, а ўжо потым разбіраюцца з тымі, хто ім дакучае. Вядома, не з гэткай лютасцю разбіраюцца, як у 2010 годзе, але ж і дакучаюць не ў гэткай жа колькасці.

Можна і без збіцця, і без паказальнага вою з тэлеэкрана аб дзяржаўнай здрадзе. Так – схапілі пяць-шэсць абаронцаў Курапатаў пад рэстаранам, выпісалі ім «содневыя» – калі ласка, госці дарагія, вы ж столькі часу «няжрамшы»!

Гэта – не тым гасцям, што прэзідэнты еўрапейскіх дзяржаваў ды іх прадстаўнікі. Гэтых, трэба меркаваць, частавалі банкетам ў лепшых традыцыях беларускай гасціннасці. Ледзь не вось «Менск – Берлін – Вена» прапанавалі стварыць (во ўжо сапраўды, непрадказальная логіка нашага МЗС).

А гэтая прапанова была адрасаваная тым, што вымушаныя былі, замест таго, каб «паехаць паесці», тужліва чакаць, пакуль беларускія ўлады адыграюць чарговы раўнд «дэмакратыі»: спакойна, хлопцы, нейтралітэт міліцыі – з’ява злашчасная і ўпоўні часовая, каб іншых гасцей не спудзіць, а вось паедуць яны – вось ужо тады!

У беларускага кіраўніцтва была выдатная магчымасць выйсці з сітуацыі, якая склалася, па меншай меры, нічога не страціўшы ў сэнсе рэпутацыі. Але – дзе ж там! У «Тысячы і адной ночы» ёсць казка пра котку, якую ператварылі ў прыгажуню. Аднак уначы, пабачыўшы мышку ў куце апачывальні, прыгажуня саскочыла са шлюбнага ложа і з гучным буркатаннем пачала паляваць на няпрошанага госця.

Можна сабе ўявіць здзіўленне збянтэжанага маладога. У нашым выпадку, аднак, нават не варта здзіўляцца.

Чаму дзівіцца? Фонд Адэнаўэра даўно прадэманстраваў: Захад нічога не здзіўляе! І ўвогуле – што такое «сталінскія рэпрэсіі»? Калі гэта было? Дзе гэта было? Не ў Вене ж. Ну – так, у Берліне трошкі, але цяпер навошта еўрапейцам пра гэта памятаць? Няма чаго.

Вось, шэф канцылярыі прэзідэнта Польшчы ўспомніў. Мяркуючы па ўсім, гэта недастатковы ўзровень, каб Паўла Севярынца пакінулі у спакоі. Вось прыехаў бы ў Курапаты чый-небудзь прэзідэнт, пагаварыў бы з пікетоўцамі – можа, выпісаў бы ім тым самым «ахоўную грамату» хоць бы да пары, пакуль 3 ліпеня з парадам расейска-кітайскай дружбы не скончыцца.

А то ж была б магчымасць далучыць праз год да гэтых брыгадаў яшчэ і пару узводаў вермахта – ці як ён там у іх называецца? Быў жа такі парад 22 верасня 1939 года – у Берасці.

Цяпер яго відавочна не будзе. Не той Сталін ў партнёрах. Не варта Еўропе настолькі рызыкаваць рэпутацыяй. Хопіць і абеду на фоне арыштаў у Курапатах.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары