Адвакаты Надзеі Саўчанкі прыйшлі ў суд у бронекамізэльках


У расейскім Данецку (Растоўская вобл.) пачаўся суд над украінскай лётчыцай.

«Сустрэлі Надзею. Яе 12 гадзінаў везлі да Варонежу. Потым 4 дні трымалі ў СІЗА ў Варонежы. Пасля ў Новачаркаск. У яе ўсё ў парадку», – напісаў сваім Twitterы адвакат Саўчанкі Марк Фейгін.

У залю суда Марк Фейгін і яго калега Мікалай Полазаў прыйшлі з бронекамізэлькамі.

Надзею Саўчанку абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве расейскіх журналістаў і незаконным перасячэнні ўкраінска-расейскай мяжы. Саўчанцы пагражае да 25 гадоў зняволення. Украінка віну не прызнае.

Надзея Саўчанка нарадзілася 11 траўня 1981 года ў Кіеве. Пасля школы атрымала спецыяльнасць мадэльера-дызайнера, год правучылася на журфаку, пасля чаго пайшла служыць па кантракце ва Узброеныя сілы Украіны.

У чэрвені 2014-га Надзея Саўчанка, як добраахвотніца, удзельнічала ў баях супраць баевікоў у складзе батальёна «Айдар» (пры гэтым заставалася дзейным афіцэрам Узброеных сілаў Украіны, мае званне старэйшага лейтэнанта).

17 чэрвеня яна выносіла з поля бою параненых каля пасёлку Металіст пад Луганскам. Неўзабаве яе ўзялі ў палон, а пазней вывезлі ў Расею і перадалі расейскім спецслужбам. Пра знаходжанне Саўчанкі на тэрыторыі РФ стала вядома 8 ліпеня 2014 г.

Расейскі бок сцвярджае, што Саўчанка, 17-га чэрвеня 2014 г. карэктавала мінамётны агонь у раёне Луганску, што прывяло да гібелі расейскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына. У кастрычніку 2014 года на парламенцкіх выбарах Саўчанку абралі ў Вярхоўную Раду Украіны ад партыі «Бацькаўшчына». Украінскі парламент абраў яе прадстаўніцай краіны ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.

ЮВ, belsat.eu, паводле grani.ru

Стужка навінаў