«Адукацыя – не бізнес!» Студэнты супраць платных пераздачаў


Беларуская вышэйшая адукацыя ўсё менш падобная на бясплатную. Галоўнае ВНУ краіны ўслед за некаторымі іншымі навучальнымі ўстановамі плануе ўвесці аплату за пераздачы і адпрацоўкі пропускаў. Шмат якіх студэнтаў БДУ гэткае новаўвядзенне абурае, яны гатовыя дайсці нават да пракуратуры.

Адукацыя – гэта не бізнес, цвердзяць студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту і выступаюць супраць увядзення ва ўстанове платных пераздачаў. Актывісты стварылі адмысловую петыцыю і ў першыя ж дні сабралі больш за паўтары тысячы подпісаў.

Меркаванне кіраўніцтва ўніверсітэту, што новаўвядзенне дысцыплінуе навучэнцаў і павысіць іхную матывацыю, знаходзіць падтрыманне далёка не ўва ўсіх студэнтаў:

«У нас факультэт цяжкі, у нас мех-мат, і шмат хто завальвае залікі, бо вучыцца цяжка».

«Як плаціць, калі грошай няма? З іншага боку – у гэтым ёсць нейкі стымул, каб не трапляць на пераздачы».

«Тут жа можа быць элемент несправядлівасці, таму што трэба пэўную колькасць людзей на пераздачу накіраваць».

Адстойваць бясплатныя пераздачы ды адпрацоўванні пропускаў студэнты намагаюцца ў адміністрацыі Белдзяржуніверсітэту. Наступны ж крок – скіраваць ліст у пракуратуру.

«Гэта проста смешна лічыць, што дваццаць тысяч рублёў будуць матываваць студэнтаў вучыцца больш – гэта не такія вялікія грошы. Але мы таксама падлічылі, ёсць інфармацыя ў нас у групе, якую мы вядзем, што для БДУ гэта будуць значныя грошы – гэта будуць некалькі соцень мільёнаў беларускіх рублёў», – гаворыць актывіст студэнцкага руху Яўген Міхасюк.

Эксперты ж падкрэсліваюць непразрыстасць такое сістэмы. Грошы, што будуць выдаткоўваць студэнты за пропускі заняткаў і пераздачы, наўпрост не трапяць у заробак выкладнікам ды не папоўняць універсітэцкага бюджэту.

«Грошы пойдуць у агульную сістэму Міністэрства адукацыі і будуць перавыдаткаваныя на розныя ВНУ ці іншыя праекты, гэта ўжо незразумела. Бюджэты ўніверсітэтаў не адкрытыя, нельга пабачыць прыход і расход грошай, таму немагчыма зразумець, як рэальна выкарыстоўваюць грошы ў тым ліку тыя, што сплацяць студэнты», – зазначае Вадзім Мажэйка з «Ліберальнага клубу».

Увядзенне платных пераздачаў і адпрацоўванняў супярэчыць канстытуцыйнаму праву на бескаштоўную вышэйшую адукацыю, а таксама Кодэксу аб адукацыі ды Правілам правядзення атэстацыі навучэнцаў, якія дазваляюць мець дзве пераздачы іспыту ці заліку. Тым не менш платнае пагашэнне акадэмічных запазычанасцяў ужо ўведзенае шэрагам беларускіх навучальных установаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Стужка навінаў