Адрэй Дэшчыца: Кіеў не ў стане адбіць Данбас


На думку амбасадара Украіны ў Польшчы, Крым і Данецкая вобласць магчыма вярнуць праз націск, перамовы і санкцыі. Пра гэта ён распавёў у эфіры польскаму тэлеканалу TVN.

Былы глава МЗС Украіны адзначыў, што Украіна будзе вырашаць канфлікт мірным шляхам, а ўкраінскія войскі стаяць уздоўж мяжы з Данбасам для таго, каб адбіваць напады сепаратыстаў, якія парушаюць Менскія пагадненні.

Пра тое, што афіцыйныя ўлады не збіраюцца развязваць вайну, заявілі і ў Кіеве. Кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін сказаў у інтэрвю «Rheinische Post», што не будуць спрабаваць сілай узяць пад кантроль захопленыя тэрыторыі. Хоць раней Клімкін казаў пра тое, што Кіеў гатовы змагацца за Данецк і Луганск да апошняга і прызываў НАТА і Еўразвяз аказаць ваенную падтрымку ўкраінскім сілавікам.

Згоды не будзе

Тым часам новых перамоваў у менскім фармаце, на якіх настойваюць сепаратысты, не будзе. Паводле главы Службы Бяспекі Украіны Маркіяна Лубкоўскага, тэрарысты спачатку павінны выканаць папярэднія дамоўленасці: аднавіць абмен палоннымі, спыніць агонь і перадаць кантроль над мяжой украінскім вайскоўцам.

«Интерфакс» са спасылкай на прадстаўніка ДНР Дзяніса Пушыліна паведамляе, што чарговы раўнд перамоваў трохбаковай кантактнай групы чакаецца на наступным тыдні.

Масква ж працягвае пераводзіць стрэлкі і пад шумок сцягваць на Данбас ваенныя сілы. Учора прадстаўнік Расеі Аляксандр Лукашэвіч абвінаваціў Кіеў у выношванні плану аднаўлення шырокамаштабных баявых дзеянняў. А сёння ў бок Украіны рушыў сёмы канвой з 82 грузавікоў з 600 тонамі «гуманітарнай» дапамогі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў