Адпачынак-2016. Крым ці Турцыя?


Грошай менш, а прыгодаў хочацца. Сёлета галоўным матывам адпачывальнікаў стане не прага экзотыкі, а жаданне бюджэтных тураў.

«Свабода» паразмаўляла з уладальнікам кампаніі Holiday.by Андрэем Барашка пра тэндэнцыі на турыстычным рынку.

Паводле эксперта ў турызме, нягледзячы на змяншэнне заробкаў, беларусы для адпачынку разглядаюць не толькі такія варыянты, як Баўгарыя, Румынія, Украіна і г.д., але і курорты наступнай за імі цэнавай катэгорыі.

«Цікавасць захоўваецца да досыць стандартных летніх кірункаў – Турэччына, Грэцыя, Іспанія, Кіпр і г.д. Нейкія суперновыя напрамкі называць не бяруся, дый наўрад ці іх і трэба чакаць. Зразумела, што ў гэтым годзе на першы план выйдзе цана пытання, дакладней – кошт пуцёўкі. Але збольшага гэта ўжо падстава да роздуму для тураператараў, якія, уласна кажучы, і фармуюць пакет прапановаў».

Андрэй Барашка выказаўся і наконт перспектываў адпачынку ў Крыму.

«Не магу загадзя нічога казаць, бо гэта якраз той момант, калі нешта прагназаваць амаль немагчыма. Трэба разумець, што на гэты кірунак уплывае вельмі шмат фактараў, прычым адразу – палітычных, эканамічных, бяспекі, нават энергетычных. Мы ўсе глядзім навіны, разумеем, што ва ўкраінскім рэгіёне агулам і крымскім у прыватнасці ня ўсё так проста, адпаведна, на турпаток уплывае шмат чаго. Без пэўнасці ў палітычнай сферы пра нешта разважаць складана».

Тым не менш, як лічаць аналітыкі турыстычнага рынку, многім беларусам сёлета давядзецца задаволіцца падарожжамі па роднай краіне – сярэдні заробак вагаецца ў межах 200 долараў у эквіваленце, і няма асаблівых падставаў спадзявацца, што да сезону адпачынкаў ён падрасце.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў