«Адным словам, педэрасты!» – Дзяржаўную газету абураюць плакаты па прафілактыцы ВІЧ


Рэдакцыя газеты «Вячэрні Магілёў» задаецца пытаннем, чаму «з году на год» у горадзе адбываецца «насаджэнне распусты і завуаляванай парнаграфіі».

«Кароткая рэклама розных відаў сексу»

Скандал разгарэўся пасля таго, як у рэдакцыю газеты «Вячэрні Магілёў» прыйшоў ліст ад абуранага чытача. Аляксандр Смольнікаў апісвае, які плакат ён пабачыў у Магілёўскай дзіцячай паліклініцы № 2. На ім, сярод іншага, ёсць выява «сямʼі малпаў», якія размаўляюць з неандэртальцамі пра бяспечны секс.

«А яшчэ вышэй фотаздымак, на якім ляжыць, відаць, пара мужчынаў пасля савакуплення.Правесці палавую ідэнтыфікацыю ў дакладнасці не прадстаўляецца магчымым. Але ўжо занадта мужападобныя на здымку сілуэты і галовы ў абрамленні кароткіх фрызураў, хоць не разабраць твараў. Адным словам, педэрасты!» – рапартуе чуйны чытач.

Абурэнне ў мясцовага жыхара выклікае не толькі тое, што такі плакат змешчаны ў дзіцячай паліклініцы, але і ўвесь змест: шляхі перадачы ВІЧ-інфекцыі чытач называе «кароткай рэкламаю розных відаў сексу».

Плакату няма, барацьба працягваецца

Праз некаторы час галоўны доктар паліклінікі даслала ў рэдакцыю ліст, у якім прыносіць прабачэнні ды піша, што скандальны плакат ужо зняты са стэнду.

«У той жа час паясняем, што на плакаце адсутнічаюць выявы палавых органаў (як падалося аўтару зацемкі). Інфармацыя пра шляхі перадачы ВІЧ не зʼяўляецца рэкламаю якіх-кольвек варыянтаў сексуальных паводзінаў», – піша галоўны доктар Пятрова.

Аднак на гэтым скандал не вычарпаны: у бой уступае журналістка Вікторыя Карпава, якая «ад рэдакцыі» выказвае здзіўленне – чаму менавіта прафілактыцы СНІДу такая ўвага. «Хіба мала ў нас іншых інфекцыйных хваробаў, ВРЗ, грыпу?» – пытае журналістка.

Лічбы гавораць пра адваротнае: за першыя 10 месяцаў 2015 году на Магілёўшчыне выяўлена 134 новыя ВІЧ-інфекаваная асобы. Гэта на 60 % больш, чымся за такі самы перыяд у 2014 годзе.

_Надпісы2

Аднак «Вячэрні Магілёў» прафілактыку ВІЧ акрэслівае як «насаджэнне распусты і завуаляванай парнаграфіяй».

«Нават калі дапусціць, што плакат па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі прызначаўся не для дзяцей, а для іх бацькоў, то ўзнікае заканамернае пытанне: чаму мы вучым бацькоў, да чаго заклікаем? Да аральных і анальных відаў сексу? Або іх трэба вучыць сямейнай цноце і вернасці? Навошта ім блудадзейства і блуд, калі ў іх моцная сямʼя і дзеці?» – пытаецца журналістка. На ейную думку, беларускае грамадства пры гэтым рызыкуе, што бацька пойдзе «налева», а маці стануць прастытуткамі.

Газета «Вячэрні Магілёў» не першы раз адзначаецца скандальнымі публікацыямі на тэму сексу і сексуальных меншасцяў. Гэтак на пачатку году ў выданні быў змешчаны матэрыял «Яно», які шальмаваў мясцовага вясковага транссексуала.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў