Адно пытанне да Жарко


КДБ рэалізуе беспрэцэдэнтную антыкарупцыйную кампанію ў медычнай сферы. Па справе праходзіць больш за 60 чалавек, свае пасады страцілі высокія чыноўнікі ўзроўню намесніка міністра, кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў, але таксама і галоўныя лекары больніц у сталіцы ды рэгіёнах. На судзе пабачым маштабы сіндыката пад дахам дзяржавы. Ці не пабачым, калі гэта будзе пярэчыць сцэнару следства ўзгодненага з кіраўніком краіны.

Але ўжо цяпер напрошваецца пытанне – хто возьме на сябе адказнасць за арганізацыю (стварэнне нарматыўнай базы) і ігнараванне буйной карупцыйнае схемы? Яе наступствы – гэта ж не толькі падаткі беларусаў, якія піліліся медычнымі функцыянерамі. Гаворка вядзецца і пра якасць медычных паслуг для беларусаў, колькасць і якасць абсталявання ў нашых больніцах, медычных вырабаў (пратэзаў, імплантаў і г.д.), лекаў.

Хто возьме на сябе адказнасць за цяперашнюю сітуацыю ў сферы аховы здароўя, калі дзейнасць дзясятка арганізацыяў і ўстановаў фактычна паралізаваная праз затрыманні і следча-аператыўныя дзеянні?

Многія калегі адрасуюць гэтае пытанне да віцэ-прэм’ера Васіля Жарко, які з 2006 па 2016 год узначальваў міністэрства.

У якім статусе цяпер Жарко?

За некалькі год працы ў міністэрстве ён пабудаваў катэдж за Нацыянальнай бібліятэкай і ўвайшоў у кола першых асобаў.

Аляксандр Лукашэнка і Васіль Жарко. Фота – president.gov.by

За час кампаніі было прынамсі 2 інсайдарскіх зліва пра сустрэчу Жарко са следчымі, калегі з tut.by аднойчы нават змясцілі віцэ-прэмʼера пад арышт, але навіна правісела ўсяго гадзіну.

Магчыма, своеасаблівым «пакараннем» для Жарко быў факт зліваў у СМІ пра яго магчымае затрыманне. Нават, пабываўшы ў СІЗА віртуальна, кляймо ўжо не змываецца.

Як стваралася база для карупцыі?

Сутнасць схемы, як вынікае з прэс-рэлізаў КДБ, у асноўным датычыць сферы імпарту ў Беларусь медычнага абсталявання і вырабаў пры ўжыванні фірмаў-пракладак ці то дзяржаўных РУПаў.

Сусветная практыка пры ўвозе такога кшталту тавараў – існаванне Тэхнічнага рэгламенту на медычныя вырабы. Гэта дакумент, які мае выконваць функцыю фільтра – там больш за 100 вымаганняў, якім увазны тавар мае адпавядаць. Калі імплант, пратэз ці рэнтген, адпавядае ўсім гэтым патрабаванням, на ім амаль не магчыма «нагрэцца». Бо на кожны тавар ёсць пашпарт, тэххарактарыстыкі, паводле якіх нават гугл дасць рынкавую цану.

Кантроль і норматворчасць за тэхрэгламентам ажыццяўляе Міністэрства аховы здароўя.

Але ў 2014-м годзе тагачаснае ведамства Васіля Жарко ініцыюе адмену Тэхрэгламента. Адпаведны дакумент прымае Савет Рэспублікі, ад 2015-га ТР лічыцца дакументам, які «страціў моц».

Якія ж прычыны пабудзілі міністра адмяніць асноўны дакумент, які рэгулюе ўвоз абсталявання і вырабаў на сотні мільёны долараў?

Падчас прыняцця пастановы аб адмене ТР у 2014-м годзе, міністэрства патлумачыла яе распрацоўкай праекту ТР для краін ЕЭС, уступленне ў сілу якога планавалася ажно ў студзені 2016 (!) года.

Забягаючы наперад, Тэхнічны рэгламент па медычнаму абсталяванню і вырабам у краінах ЕЭС не прыняты дагэтуль, яго тэкст павіс на стадыі праекту (які яшчэ больш жорсткі за версію 2010 года!).

У выніку ад 2014-га года ў сферы закупак абсталявання і вырабаў не было адзінага дакументу, які б яе рэгуляваў. Юрысты гэта называюць «прававым прагалам». Журналісты-раследвальнікі – карупцыйнай базай.

Канечне, Міністэрства распісала новую працэдуру рэгістрацыі абсталявання, як і інструкцыю па стандартызацыі. Калі спрасціць, то ад 2015 года медычныя ўстановы наўпрост змаглі працаваць з фірмамі-пастаўшчыкамі. Як інструкцыя працуе на практыцы – думаю, даведаемся на судзе. Пакуль жа ў нашым распараджэнні ёсць адказ міністэрства на момант ліпеня 2017 года, дзе паведамляецца, што ў Рэспубліцы Беларусь няма нарматыўна-прававых актаў, якія б рэгламентавалі афармлення пашпартоў медычных вырабаў.

То бок, тэарэтычна імплант ці пратэз можна прывесці ў краіну ў бардачку машыны, перапрадаць патрэбнай фірме, якая мае дамову на пастаўку вырабаў, Цэнтр экспертыз (кіраўнік у СІЗА) паставіць правільную пячатку, і да пацыента выраб даходзіць у разы даражэй і без гарантыі.

Паводле Закона аб прававых актах, Генеральная пракуратара мелася ажыццяўляць нагляд за «прагалам» (арт.72), міністэрства – кантроль і норматворчасць.

На пачатку справы медыкаў Жарко заявіў, што «каб ведаў, што адбываецца, то зрэагаваў». То бок міністр, які сам стварыў «лібералізацыю» у сферы закупках, не кантраляваў і не маніторыў гэты працэс?

Больш пытанняў няма.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Стужка навінаў