Аднаногі рэцыдывіст, які ўцёк з Жодзінскага суду са зброяй канваіра, атрымаў 14 гадоў


Нарадзінца Магілёўскай вобласці Сяргея Багдашова, які хаваўся ад правасуддзя ў Расеі, асудзілі ў Беларусі.

Суд Жодзіна, адкуль у 2009 годзе Багдашоў уцёк са зброяй канваіра, асудзіў небяспечнага рэцыдывіста на 14 гадоў калоніі і канфіскацыя ўсёй маёмасці. Яго прызналі вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: уцёкі з-пад варты, крадзеж агнястрэльнай зброі, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання і крадзеж.

Злачынная кар’ера Сяргея Багдашова налічвае больш 12 гадоў.

За крадзяжы на мільярд недэмінаваных рублёў Сяргея Багдашова затрымалі ў 2008 годзе. У 2009 ён уцёк з Жодзінскага суду. У Смалявіцкім раёне ўкраў «кадылак» і зʼехаў у Расею. У Пскоўскай вобласці 40-гадовы злачынца зарабляў крадзяжом ювелірных вырабаў, рабаваннем катэджаў, краў дарагія аўты. Яго абвесцілі ў вышук па лініі Інтэрполу і знайшлі ў 20014 годзе. Уцякаючы ад пераследу, ён зачапіўся за агароджу і моцна пашкодзіў нагу, якую пазней ампутавалі.

У красавіку 2016 Пскоўскі суд прысудзіў злачынцу 13 гадоў калоніі. І толькі сёлета крымінальніка выдалі беларускаму боку. Пракурор прасіў прысудзіць рэцыдывіста да 14 гадоў калоніі. З чым пагадзілася судовая калегія.

Калі прысуд не будзе абскарджаны (Багдашоў цяпер кажа, што з прысудам згодны), то праз 10 дзён ён уступіць у законную сілу. Пасля чаго рэцыдывіста адправяць назад у расейскую калонію.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў