Аднаго з самых актыўных абаронцаў Курапатаў затрымала міліцыя


Аляксей Туровіч дэманструе сляды на руках пасля тузаніны з матацыклістамі, якія прыехалі ў рэстаран «Поедем поедим» у мінулую суботу. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

12 чэрвеня каля 7-й гадзіны вечара побач з месцам пратэсту супраць адкрыцця «рэстарацыі на костках» затрымалі сцэнарыста і драматурга Аляксея Туровіча.

«Ён мне патэлефанаваў з вуліцы Карбышава, на выхадзе з Курапатаў. У слухаўцы было выразна чуваць, як міліцыянты просяць яго прайсці для разбіральніцтва. На заднім фоне таксама было выразна чуваць Ніну Багінскую», – распавёў «Белсату» Павел Севярынец.

«Белсат» спрабуе звязацца з РУУС Менскага раёну, куды, імаверна, даставілі Аляксея Туровіча. Пакуль там не падымаюць слухаўку.

Звязацца са спадарыняй Нінай Багінскай пакуль таксама немагчыма: у яе няма мабільнага тэлефону.

Апошнія некалькі дзён Туровіч быў адным з найбольш актыўных абаронцаў Курапатаў. Менавіта ён не прапускаў матацыклістаў на тэрыторыю рэстарацыі «Поедем поедим» у суботу, 9 чэрвеня.

З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары