Адмыслоўцы прагназуюць інфляцыю ў Беларусі на ўзроўні 23 %


У 2015 годзе інфляцыя ў Беларусі можа скласці 23 % – такі прагноз аналітыкаў аўстрыйскай банкаўскай групы «Raiffeisen».

Згодна з ацэнкамі экспертаў «Raiffeisen», прыведзенымі ў эканамічным аглядзе «Прыёрбанка» («Прыёрбанк» уваходзіць у банкаўскую групу «Raiffeisen Bank International»), у 2015 годзе ВУП Беларусі знізіцца на 2%, прамысловая вытворчасць – на 5%, інфармуе БелаПАН.

Намінальная заработная плата, мяркуюць аналітыкі, вырасце на 15%, беспрацоўе складзе 1%, а золатавалютныя рэзервы паводле вынікаў 2015 года не зменяцца і складуць $ 5,1 млрд.

Цяперашні прагноз «Raiffeisen» адносна параметраў развіцця беларускай эканомікі перагледжаны ў бок пагаршэння. У пачатку года аналітыкі аўстрыйскай банкаўскай групы чакалі, што прамысловая вытворчасць у Беларусі вырасце на 1 % у 2015 годзе, ВУП не знізіцца, а інфляцыя складзе 18 %.

На мінулым тыдні свае прагнозныя ацэнкі развіцця беларускай эканомікі абнародаваў і Міжнародны валютны фонд. Згодна з імі, ВУП Беларусі сёлета знізіцца на 2,3 %, інфляцыя складзе 22,1 %.

«У Беларусі ў 2015 годзе, як чакаецца, будзе назірацца рэцэсія», – гаворыцца ў красавіцкім дакладзе МВФ «Перспектывы развіцця сусветнай эканомікі». Паводле прагнозаў фонду, і ў наступным годзе эканамічнага росту ў Беларусі можа не быць – МВФ чакае ў 2016 годзе зніжэнне беларускага ВУП на 0,1 %.

Каб «утаймаваць інфляцыю і зменшыць вонкавыя дысбалансы», міжнародныя эксперты рэкамендуюць уладам Беларусі спалучаць гнуткасць абменнага курсу з жорсткай макраэканамічнай палітыкай і глыбокімі структурнымі рэформамі.

За першы квартал 2015 года інфляцыя ў Беларусі склала 4,9 %, а ВУП знізіўся на 2 %. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў, зацверджаны ў снежні мінулага года, прадугледжваў гадавы рост ВУП на 0,2–0,7 % і зніжэнне інфляцыі да 12 %. У студзені 2015 года, пасля дэвальвацыі рубля, Нацбанк перагледзеў прагноз інфляцыі ў бок павелічэння да 18–20 %.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў