Адміністрацыя Лукашэнкі перанакіравала зварот аб адстаўцы Раўкова ў Савет бяспекі


Актывіст Андрэй Стрыжак атрымаў адказ з Адміністрацыі кіраўніка краіны.

У гэтае ведамства ён накіраваў зварот разам з 9614 подпісамі. Падпісанты патрабуюць адправіць у адстаўку міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова.

У адміністрацыі кіраўніка краіны адказалі, што зварот будзе разгледжаны «у адпаведнасці з кампетэнцыяй», а таму ён перанакіраваны ў Дзяржаўны сакратарыят Савету бяспекі Беларусі.

«Гэта першы адказ з чатырох дзяржаўных органаў, у якія мы дасылалі нашыя 9614 подпісаў. Само Міністэрства абароны пакуль маўчыць, як і Палата прадстаўнікоў, і Савет міністраў», – напісаў у «Фэйсбуку» Андрэй Стрыжак.

Збор подпісаў за спыненне свавольства ў войску і адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова праводзіўся на сайце Zvarot.by.

Прэтэнзіі беларусаў да Мінабароны выклікала смерць Аляксандра Коржыча – 21-гадовага жаўнера, якога 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

НМ, belsat.eu, фотаздымак БелТА

Стужка навінаў