«Адміністрацыі прэзідэнта я даручыў быць побач». Лукашэнка вызначыў дату мясцовых выбараў


Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай падтрымаў прапанову прызначыць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў на 18 лютага 2018 года.

«Для мяне галоўнае – вызначыцца з датай, фінансаваннем і праектам указа, які павінен быць падпісаны. Я думаю, што сярэдзіна лютага, можа, нават і 18-е, як мы гэта абмяркоўвалі, будзе нармальна. Усё ж такі люты – больш спакойны месяц», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Лукашэнка акцэнтаваў увагу на заработнай плаце членаў камісіяў. «Заробак людзей, звязаных з выбарамі, – гэта святое», – заявіў ён.

«Мы сустрэнемся яшчэ з вамі і губернатарамі. Адміністрацыі прэзідэнта я даручыў быць побач, каб арганізацыйныя меры маглі на месцы ажыццявіць: падрыхтаваць участкі і да таго падобнае. Усё ж такі гэта палітычная кампанія, і Адміністрацыя павінна сваю працу зрабіць, а Цэнтрвыбаркам павінен па законе арганізаваць выбары: бюлетэні, семінары, навучанне кіраўнікоў участковых камісіяў», – дадаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што ўлада створыць усе ўмовы для правядзення выбараў на годным узроўні.

«Хаваць нічога не будзем. Хто гатовы ісці на выбары, хай ідзе, – сказаў ён. – Усе ўзроўні ўлады будуць працаваць у тым кірунку, у якім Цэнтрвыбаркам акрэсліць, як гэта і было заўсёды».

Па словах Ярмошынай, бюджэт выбараў складзе практычна тую ж самую суму, якая была выдаткаваная ў 2014 год – каля $ 10,5 млн.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў