Адліга: стасункі між Менскам і Вільняй усё цяплейшыя


Нягледзячы на прэтэнзіі да стану правоў чалавека ў Беларусі, Літва пашырае эканамічную і дыпламатычную супрацу з беларускай дзяржавай.

Ганаровае консульства ў Клайпедзе

Сёння ў Клайпедзе адчынілася сядзіба ганаровага консула Рэспублікі Беларусь. Ачоліць консульства старшыня згуртавання беларусаў Клайпеды «Крыніца» Мікалай Логвін.

«Я буду рабіць тое ж, што і ў «Крыніцы», – распавёў ганаровы консул выданню «Vakarų ekspresas». – Нашая суполка больш скіраваная на культурніцкую дзейнасць, палітыкаю мы не займаемся. Маем музычны калектыў, бярэм удзел у разнастайных культурных імпрэзах, ладзім вандроўкі ў Беларусь».

Логвін нарадзіўся ў Беларусі, у 1982 годзе быў размеркаваны ў Клайпеду. Служыў на флоце. Цяпер ён грамадзянін Літвы, працуе незалежным экспертам кампаніі «Караблі і людзі», паведамляюць у прэс-службе беларускага МЗС.

На мерапрыемстве прысутнічаў і намеснік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандр Гур’янаў.

Сёння ж Гур’янаў сустрэнецца з кіраўніцтвам Клайпедскага порту. Беларусь – стратэгічны партнёр Клайпеды. Доля беларускіх грузаў складае каля траціны ўсяго партовага грузаабароту.

Храналогія. Як цяплелі стасункі цягам года

  • У лютым 2014 года Вільню наведаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей.
  • 13 траўня летась у Вільні адбыліся кансультацыі паміж міністэрствамі замежных справаў Літвы і Беларусі. Нашую краіну прадстаўляла намесніца міністра Алена Купчына.
  • Напрыканцы ліпеня 2014 года міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус прыязджаў у Менск, дзе сустрэўся з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам і сваім калегам Уладзімірам Макеем.
  • Сёлета 6 лютага пры ўдзеле прадстаўніка МЗС Літвы Андруса Пулокаса ў Беларусі былі адкрытыя першыя візавыя цэнтры ў Менску, Гомелі, Горадні ды Берасці.

Зазірнуў у МЗС

У сераду ў Вільні Аляксандр Гур’янаў прадстаўляў Менск на эканамічных кансультацыях між Беларуссю і Літвой, паведамляе прэс-служба літоўскага МЗС. Пазіцыю Вільні агучваў віцэ-міністр замежных справаў Раландас Крышчунас (Rolandas Kriščiūnas).

На сустрэчы абмеркавалі транспарт і транзіт, двухбаковую гандлёвую ды інвестыцыйную супрацу. Віцэ-міністры станоўча ацанілі эканамічныя сувязі ды выказалі зацікаўленасць у далейшым развіцці канструктыўных стасункаў. Ці закраналі ўдзельнікі тэму малога памежнага руху, у прэс-рэлізе не паведамляецца.

Прадстаўнікі МЗС дзвюх дзяржаваў абмеркавалі будучае паседжанне міжурадавай камісіі, што мае адбыцца сёлета ў нашай краіне, а таксама беларуска-літоўскі бізнес-форум, які плануюць правесці ў чэрвені ў літоўскім Марыямпалі.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў