Адлавіць і ўсыпіць! Як у Магілёве рыхтуюцца да прыезду Пуціна і Лукашэнкі


Абвестка з папярэджаннем пільнаваць сваіх гадаванцаў і не пакідаць без нагляду ў дварах дамоў паблізу гандлёвых аб’ектаў з’явілася на вуліцах гораду. Яе распаўсюджваюць невядомыя, якія падпісаліся як МТАЖ (Магілёўскае таварыства абароны жывёлаў).

У паведамленні сцвярджаецца, што праз візіт у Магілёў Лукашэнкі і Пуціна сабакаў ды катоў будуць адстрэльваць.

«Разбірацца, хатні ён ці не, ніхто не будзе!» – гаворыцца ў тэксце.

Мы пастанавілі даведацца, што робяць з магілёўскімі сабакамі і катамі напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзвюх саюзных дзяржаваў, звязаўшыся з ветэрынарнаю клінікаю «Спецаўтапрадпрыемства», у кампетэнцыі якога ўваходзіць адлоў бадзяжных жывёлінаў.

Пяць дзён на выратаванне, але не ва ўсіх

Працаўніца спакойным зычлівым голасам патлумачыла, што яны не займаюцца адловам і адстрэлам. Да іх прывозяць сабакаў і катоў, якіх ператрымліваюць пяць дзён. Пасля, калі гаспадары не абвяшчаюцца, жывёлінаў усыпляюць.

«Агрэсіўных, хворых, старых мы ўсыпляем хутчэй, часам адразу, бо ўявіце: сабака пакусаў дзіця, чыпа няма, гаспадара няма, а ў яго шаленства. Мы ж таксама, зразумейце, не гумовыя. Мала месца… Яшчэ ж ёсць гатэль», – адзначае жанчына.

З 8 кастрычніка, дадае работніца, да іх прывезлі пяць катоў, двух ужо забралі. На пытанне, хто «замовіў» адлоў сабакаў да прыезду Пуціна і Лукашэнкі, яна кажа, што загад прыйшоў «зверху» – з райвыканкаму.

«Нядаўна сабака пакусаў нейкага чыноўніка, вось яны нам і загадалі ўсіх адлавіць, каб не бадзяліся. Але ўвогуле пытайце кіраўніка аддзелу ў справе адлову, мы гэтым не займаемся, мы робім прышчэпкі і кормім».

На нумар, які нам далі ў ветэрынарнай клініцы, адказвае іншы чалавек.

«Начальніка не будзе бліжэйшыя дні ў офісе, ён вельмі заняты адловам, дам вам ягоны «вэлком», – кажа мужчына.

Адстрэл? Не, не чулі

Урэшце датэлефаноўваемся да Сяргея Калтунова (кіраўнік аддзелу па адлове безнаглядных жывёлін «Спецаўтапрадпрыемства») і распытваем, ці сапраўды чыноўніка пакусаў сабака ды як адбываецца адстрэл.

«Можа быць, і пакусаў! Нам загадалі, што мусіць быць парадак. Вось і будзе цяпер парадак заўсёды і паўсюль! Нікога мы не адстрэльвалі, бадзяжных забіраем, а пасля ўсыпляем».

Адмысловец у адлове настойліва раіць трымаць хатніх гадаванцаў удома.

«Калі ваш кот ці сабака ўцёк, то гэта вашая праблема. У кожнага павінен быць чып, рэгістрацыя, ашыйнік. Чыпаваных мы не чапаем. А бадзяжных забіраем, як казаў, а пасля ўсыпляем. Гэтак рабілі заўсёды і будзем гэтак рабіць, а што? І ўвогуле, размова ні пра што, мне трэба ісці ссунуць расціснутага ката з дарогі!» – нецярплівым голасам адказвае Сяргей Калтуноў.

Кіраўніца МТАЖ «Добрае сэрца» Святлана Ярмоленкава, да якой мы таксама звярнуліся па каментар, кажа, што таксама не ведае пра адстрэл.

«Гэта не нашыя валанцёры расклейвалі абвестку, пра адстрэл мы не чулі, толькі адлоў. Таму калі вы згубілі гадаванца, ідзіце ў САП. Але статыстыкі, колькі жывёлінаў адлоўліваюць, нам не даюць. Але нам і не трэба, трэба пачынаць з неадказных людзей, якія бяруць чатырохлапых, не хочуць іх рэгістраваць, а пасля выкідваюць».

Паводле беларускіх зоаабаронцаў, штогод у Беларусі знішчаюць да 70 тысячаў бадзяжных сабакаў і катоў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў