Адкрыўся рэстаран, дзе нельга з’есці бульбы

video

Апынуцца ў горадзе ХІІІ стагоддзя. Ці рэальна гэта сёння? Так, калі вы адправіцеся ў Рыгу. Тут працуе рэстаран «Rozengrals», дзе немагчыма замовіць стравы з бульбы і кока-колу – у тыя часы ў Еўропе не было ні першага, ні другога.

Тут рупліва адрэстаўравалі фрагменты муроў старога будынку, сходы, студню, калоны дому. У 13-м стагоддзі на месцы сённяшняй рэстарацыі месціліся вінныя скляпы рыжскай ратушы. Віно ж тут пілі з кубкаў, таму стваральнікі сучаснага рэстарану абыгралі ў яго назве слова «грааль» – легендарную чару сярэднявечча.

«І ўсё гэта працягвалася да 1600 года. Рэстаран захоўвае падказку для спазнання яго гісторыі. Страўня размяшчаецца на старой вуліцы, названай у гонар мяшчанаў Розэнаў. Яны валодалі гэтым будынкам у 16 стагоддзі, а пасля яго прадалі», – кажа менеджар рэстарану Эрыкс Шукстс.

У рэстаране падаюць ячную кашу і сачавіцу, свініну і бараніну, засмажаных качак і трусоў. Усё, што елі не толькі продкі латышоў, але і беларусы сто, пяцьсот і восемсот гадоў таму.

На думку менеджара, галоўная адметнасць рэстарана – адсутнасць бульбы.

«У 13-м стагоддзі Калумб яшчэ не адкрыў Амерыкі і не прывёз у Еўропу бульбы», – кажа Шукстс.

Вось толькі рэцэптамі кухар не дзеліцца – камерцыйная тайна.

«Рэцэпты ахутаныя цемрай, яны не выдаюцца», – кажа кухар рэстарану Яніс Озаліньш.

У рэстаране не толькі ядуць, але і ладзяць канцэрты гуртоў сярэднявечнай музыкі, гасцей забаўляюць таксама рыцарскімі двубоямі. У час раскопак віннага склепу, што быў на месцы рэстарану, знайшлі матрыцу для чаканкі манетаў. Цяпер на ёй ізноў адбіваюць манеты – гасцям, на памяць пра Рыгу.

Максім Кот, Ганна Русінава

Глядзі таксама
Каментары