Адхіленыя ад удзелу ў Алімпіядзе расейскія спартоўцы падалі скаргу ў суд у Лазане


Дваццаць два расейскія спартоўцы, адхіленыя дысцыплінарнай камісіяй Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) за парушэнне антыдопінгавых правілаў, падалі апеляцыі ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане(CAS).

Суд у Лазане будзе разглядаць справы кожнага з 22 расейскіх спартоўцаў, якія падалі скаргу, у індывідуальным парадку.

Сярод атлетаў, якія падалі скаргі – бабслеісты Аляксандр Зубкоў, Аляксей Негадайла, Дзмітры Трунянкоў, лыжнік Аляксандр Лёгкі, скелетаніст Аляксандр Траццякоў.

5 снежня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта па выніках пасяджэння ў Лазане вырашыў адхіліць расейскую зборную ад зімовых Алімпійскіх гульняў у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане.

Расейскія спартоўцы, не замяшаныя ва ўжыванні допінгу, змогуць выступіць пад нейтральным сцягам.

«Запрошаныя спартоўцы будуць удзельнічаць (у індывідуальных ці камандных спаборніцтвах) пад тытулам» Алімпійскі спартсмен з Расеі «. Яны будуць спаборнічаць толькі пад гэтым імем і пад Алімпійскіх сцягам. Алімпійскі гімн будзе выкананы на кожнай цырымоніі», гаворыцца ў прэс-рэлізе МАК.

Алімпійскі камітэт Расеі дыскваліфікаваны і Расея павінна пакрыць усе выдаткі, звязаныя з антыдопінгавым расследаваннем – 15 млн долараў, вырашыў выканкам МАК.

Гэта першае ў гісторыі адхіленне ад Алімпіяды краіны за допінг. Яно азначае, што на Алімпіядзе-2018 не будзе расейскага сцяга і гімна, а расейскія спартоўцы, чысціню якіх пацвердзіць Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) і міжнародныя федэрацыі адпаведных відаў спорту, змогуць выступіць у Пхёнчхане ў нейтральнай форме.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў