«Адчапіцеся ад татуіровак, ён прыехаў дапамагаць». Добрае слова пра «Тэррор-машыну»?


Баец Добраахвотнага украінскага корпусу Правага Сектару з пазыўным «Сябар», які асабіста ведае «Беларуса», або, як яго ўжо ахрысцілі ў медыях, «Тэрор-машыну», распавядае пра Стаса Ганчарова.

«Беларуса» арыштавалі ў Віцебску і вінавацяць у злосным хуліганстве. Кіраўнік Следчага камітэту ўжо паабяцаў, што расследаванне будзе цягнуцца «не вельмі доўга».

Невыключана, што да гэтага дойдзе абвінавачванне ў распальванні расавай варожасці або ў наёмніцтве. Міліцыя заяўляе, што мае доказы ўдзелу Ганчарова ў баявых дзеяннях, у тым ліку форму і дзве медалі, нібыта атрыманыя за баі пад Ілавайскам і ў Шырокіна. Тым не менш, на самым пачатку гутаркі Сябар настойвае, што пакуль раследуюць крымінальную справу ў дачыненні Станіслава Ганчарова, трэба называць яго валанцёрам, а не байцом «Азову». Прынамсі, пакуль іншага не будзе даведзена ў судзе.

– Мы са Стасам з аднаго гораду, адтуль я з ім знаёмы. Знаходзячыся тут, ва Украіне, я таксама вельмі добра ведаю яго: як ён жыў тут, як ён жыў там. І цяпер, калі чытаю ў сацсетках каментары і бачу стаўленне людзей – і ўкраінцаў, і беларусаў, становіцца крыўдна. Крыўдна за нашых землякоў, якія так негатыўна ставяцца да Стаса.

Я разумею, што не было б такога стаўлення, калі б яны не бачылі ягоных татутіровак. Нацысцкіх, фашысцкіх – хай называюць іх як заўгодна. Сутнасць не ў татуіроўках. Чалавек быў ва Украіне з пэўнымі мэтамі. Ён прыехаў дапамагаць братэрскаму народу. Мы прыехалі паводле закліку сэрца і па-іншаму не маглі.

– Што вас абражае ў каментарах?

– Бо я бачу, як гэтыя сабакі, што сядзяць ва Украіне і Беларусі, пачынаюць брахаць. Сядзяць на кухні з чаркай гарэлкі і гавораць, якія мы кепскія.

Калі сітуацыя на Данбасе абвострыцца, вось гэтыя ж сабакі будуць прасіць, каб мы ізноў паехалі туды. Пытанне ў тым, ці нам гэта будзе патрэбна

Сябар Док даўно падымае гэтую тэму пра становішча добраахвотнікаў ва Украіне. Я не пабаюся такога выразу: нас «кінулі». Мы нікому непатрэбныя, нам не даюць ні грамадзянства, ні дазволу на пражыванне.

– Але пагадзіцеся, што для звычайнага чалавека пабачыць беларускага валанцёра з такімі татуіроўкамі было шокам. Яшчэ і відэа, якое апублікаваў Следчы камітэт: здзекі над падлеткамі, у якіх удзельнічае Стас. Вы не лічыце, што такія паводзіны дыскрэдытуюць беларускіх добраахвотнікаў?

– Ды якая розніца, якія ў чалавека погляды! Ён хіба прыехаў прапагандаваць нацызм? Не! Дзесьці штосьці пісаў пра свае ідэі? Не. Чаго людзі дачапіліся да гэтых татуіровак? Чалавек займаўся сваёй справаю тут, валанцёрыў. Дапамагаў пабрацімам, чым мог і рабіў гэта вельмі добра. Шмат хто вам пацвердзіць, што чалавек проста цудоўны.

Глядзіце таксама: Затрыманы добраахвотнік Аватараў распавядаў раней, што ўжо быў у «амерыканцы» КДБ

Ён – чалавек ціхі і спакойны. Тут, ва Украіне, любіў пабыць адзін. Не тое, што замкнёны, але любіў самотнасць, спакой. Не было ад яго ніякай нянавісці, як людзі могуць падумаць.

А гэтае відэа з малалетнімі антыфашыстамі, якіх ён «адпісваў» і змушаў «кідаць зігі» – толькі фармальная падстава для арышту. Сапраўдныя прычыны іншыя.

«Нас баяцца і правільна робяць»

Стас Ганчароў - пасярэдзіне
Стас Ганчароў – пасярэдзіне

– Як вы лічыце, што будзе са Стасам далей?

– Я нічога не чакаю, я ведаю вынік: Стас будзе сядзець. Пасадзяць «па поўнай катушцы», такія людзі не выходзяць з залі суда. І хто б што ні рабіў – безсэнсоўна. Ва Украіне тое ж самае, я езджу на суды да пабрацімаў, супраць якіх у следства няма аніводнага доказу, але іх трымаюць. Патрыётаў пачынаюць паціху саджаць, бо мы непатрэбныя. Мы тая адзінка, што перашкаджае, адзінка, якая можа супрацьстаяць і штосьці рэальна рабіць. Улада гэтага баіцца. Украінская ўлада гэтага наўпрост не кажа, беларуская – кажа. Нібыта 138 справаў заведзеная. Яны баяцца, што тыя людзі вярнуцца і будзе пагроза для Беларусі.

Яны нас баяцца і правільна робяць. Бо прыйдзе час, мы вырашым усё тут і тады вернемся на Радзіму. Але мы вернемся не адныя. З намі пойдуць шмат пабрацімаў, якія дапамогуць нам з нашымі праблемамі там, таксама як мы дапамаглі ім тут. Хай нас чакаюць.

І потым людзі, якія пішуць пра Стаса, што ён сабака і яму трэба даць пажыццёвае і г.д., я пагляджу вам потым у вочы.

Чытайце таксама: Добраахвотнік, беларус, нацыст – меркаванне нацыяналіста

– Вернецеся ў Беларусь? Як вы гэта ўяўляеце? Вас жа будуць чакаць і будуць да гэтага таксама рыхтавацца.

– Няхай рыхтуюцца.

– Калі вернецеся, што будзеце рабіць? Калі зараз усім беларусам будуць па тэлебачанні паказваць татуіроўкі Стаса, знойдуць можа яшчэ, чым запалохаць. Думаеце, вас будуць радыя бачыць?

– Ды ў мяне самога татуіроўка падобнага плану. Нічога такога ў гэтым няма.

– У вас нацысцкая татуіроўка?

– Ёсць пэўная сімволіка, так.

– Навошта? Вы – прыхільнік ідэі нацызму?

– Людзі блытаюць нацызм, фашызм, нацыянал-сацыялізм. Для людзей – гэта ўсё тое ж самае.

– Так, бо гэта – абсалютнае зло.

– Я падтрымліваю палітыку нацыянал-сацыялізму і лічу, што гэта адзіны варыянт для нармальнага жыцця.

– Як шмат вашых пабрацімаў прытрымліваюцца падобных поглядаў?

– Хапае.

Teror

– Вы не апасаецеся таго, што вы са сваймі такімі поглядамі і ідэямі будзеце непатрэбныя ні ў Беларусі, ні ва Украіне?

– Знаходзячыся тут, я не прапагандую сваю ідэю. Яна адстаўленая ў бок. Таксама, як і ў Стаса. Мы сюды прыехалі і адставілі свае ідэі ў бок. Яны цяпер непатрэбныя. Мы прыехалі дапамагаць, а не вучыць іншых жыць. Мы – баявая адзінка, якая будзе дапамагаць.

– А як вернецеся ў Беларусь, то напэўна гэтыя свае ідэі дастанеце.

– Я думаю, што нельга свае ідэі навязваць гвалтам. Трэба, напрыклад, заснаваць партыю. Мы хочам паказаць людзям, што гэта адзіны варыянт, каб жыць правільна.

– А што з тымі, хто з вамі нязгодны?

– Ну, вось зараз жа жывуць людзі, якія з Лукашэнкам нязгодныя.

«Стас стаміўся»

m31wgs2t5zc-xvbp7-355x800

– Вы казалі пра патрыятызм. Стас – патрыёт?

– Так.

– Вы размаўлялі з ім па душах? Навошта яму ўсё гэта трэба? У прыватнасці, вайна ва Украіне?

– Ён не адзін прыехаў. Мы не можам па-іншаму, гэта наш братэрскі народ, як мы не дапаможам? Ёсць людзі абыякавыя, для якіх галоўнае, каб зад быў цяпле, а ёсць тыя, што гатовыя аддаць усё, у тым ліку і жыццё, каб дапамагчы.

– І, думаеце, Стас такі?

– Я ведаю, што ён такі. Ён не ехаў дзеля нейкай выгады, а толькі дзеля таго, каб дапамагчы.

– СБУ і КДБ могуць супрацоўнічаць, у тым ліку і ў такіх сітуацыях, як арышт добраахвотнікаў. Думаеце, гэта так?

– Гэта адна школа, канешне, але я сумняваюся. Якое б КДБ не было, але працуюць добра.

– Вы адчулі гэта на сабе?

– Так, да мяне прыходзілі дадому, ладзілі вобшукі. Прыносілі маёй маці фота, якое, нават не ведаю, адкуль выкапалі. Там нас цэлы батальён, я ў балаклаве і гэтае фота маці паказвалі. Гэта цяпер я ўжо не хаваю твару. Мне баяцца няма чаго. Сястру часта выклікаюць у КДБ. Дзёргаюць, прэсуюць.

– Большасць добраахвотнікаў напэўна ведаюць пра такую небяспеку. Чаму Стас раптам вырашыў паехаць у Беларусь?

– Таму што Стас стаміўся ад гэтага ўсяго. Я кажу пра сітуацыю добраахвотнікаў, пра тое, што нас «кінулі». Яшчэ мінулай зімой ён збіраўся ехаць. Але яго адгаварылі. А гэтым разам ён ужо паехаў.

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары