Адчайны крок беларускіх добраахвотнікаў. Ці будзе з гэтага вынік?


Народны дэпутат Ігар Гузь упэўнены, што грамадскасць не дасць экстрадаваць беларускіх добраахвотнікаў у Беларусь, дзе ім пагражае крымінальны пераслед.

20 верасня замежнікі-добраахвотнікі правялі ў цэнтры Кіеву мітынг у абарону сваіх правоў. Шмат хто з іх яшчэ з 2014 году чакае на атрыманне ўкраінскага грамадзянства. Пяцёра беларусаў з батальёну «Азоў» прыкавалі сябе кайданкамі да плоту. Пазней старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій сустрэўся з прадстаўнікамі нацыялістычных арганізацыяў і замежных добраахвотнікаў (сярод якіх быў і беларус Ян Мельнікаў) – абмяркоўвалі законопроект №3433, які мае абараніць правы замежных добраахвотнікаў. Андрэй Парубій паабяцаў на наступным тыдні паставіць законапрает на галасаванне.

Belsat.eu: Учорашняя сустрэча на прадстаўнікоў украінскіх нацыялістычных арганізацыяў і замежных добраахвотнікаў са старшынём Вярхоўнай Рады Андрэем Парубіем паказвае, што ўсё сур’ёзна і што справа зрушыла з месца?

Ігар Гузь: Безумоўна, гэта добра, што Андрэй Парубій сустрэўся з прадстаўнікамі тых, хто пікетаваў. Там быў шэраг колішніх кіраўнікоў добраахвотніцкіх батальёнаў. Адпаведна я думаю, што праз тыдзень гэты закон можа стаяць у парламенце. Іншае пытанне, што для яго прыняцця патрэбная воля прэзідэнта (Пятра Парашэнкі) і ягонай фракцыі – гэта амаль ужо траціна дэпутатаў, таму паглядзім. Я асабіста, без сумневаў, буду пераконваць і падтрымліваць гэты закон.

А якія ўвогуле настроі сярод дэпутатаў? Што кажуць пра праект?

Я ведаю, што іншыя (не з фракцыі Пятра Парашэнкі), праеўрапейскія партыі – «Самопоміч», «Батьківщина», Радыкальная партыя, «Народний фронт» – падтрымліваюць. А прэзідэнцкая партыя арыентуецца на прэзідэнта, а ў яго, так разумею, быў і ёсць шэраг заўвагаў. Будзем улічваць гэта.

Чаму ўвогуле ўлады так доўга цягнуць з прыняццем закона?

Згодна з інфармацыяй, якой я валодаю, ёсць шмат грузінаў, якія ваявалі, а пасля былі ў актыўнай падтрымцы Міхэіла Саакашвілі, – частка з іх ужо атрымалі грамадзянства.

І адпаведна прэзідэнт пасля падзеяў, калі Саакашвілі пайшоў супраць яго, калі былі акцыі пратэсту, а гэтыя грузіны былі ў ахове колішняга прэзідэнта Грузіі і гэтак далей, спыніў працэс выдавання грамадзянства замежнікам, якія ваявалі на тэрыторыі Украіны. І гэты палітычны складнік, як па мне, вельмі прымітыўны, таму што мы мусім даваць грамадзянства за тое, што людзі былі гатовыя аддаць свае жыцці, а не глядзець потым, якую яны займаюць палітычную пазіцыю.

Ці ёсць пагроза, што некаторых добраахвотнікаў будуць экстрадаваць у Беларусь і ў іншыя краіны?

Пагроза ёсць, але я думаю, пакуль яна невялікая. Грамадзянская супольнасць на баку добраахвотнікаў. Але без сумневаў, пагроза застаецца.

А колькі добраахвотнікаў падпадалі б пад дзеянне такога закону, якія б тэарэтычна маглі атрымаць украінскі пашпарт?

Я не маю агульнай інфармацыі, але думаю, некалькі соцень. Пераважна гэта Беларусь і Расея, ёсць харваты, грузіны.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Тактычная група Беларусь

Стужка навінаў