Адчай уцекачоў на беларуска-польскай мяжы: жанчыны і дзеці начуюць пад адкрытым небам

video

Наш карэспандэнт наведаў імправізаваны лагер уцекачоў у раёне берасцейскага прапускнога пункту на беларуска-польскай мяжы.

У аўторак тут сабраліся каля двух соцень уцекачоў, якія ў адчаі патрабавалі, каб іх прапусцілі ў Польшчу. На наступны дзень раніцою на гэтым месцы нашая здымачная група застала каля 80 асобаў, у асноўным жанчын з дзецьмі. У большасці гэта жыхары Чачэніі, якія некалькі месяцаў спрабуюць трапіць у Польшчу і атрымаць там прытулак.

Уцекачы падкрэсліваюць, што агулам трапіць у Польшчу хочуць каля 500 асобаў, беларускія памежнікі гавораць, што ў ваколіцах Берасця можа знаходзіцца да 2 тысячаў асобаў з Паўночнага Каўказу.

Уцекачы вельмі неахвотна распавядаюць пра прычыны свайго выезду з родных мясцінаў. Адна з жанчынаў распавяла «Белсату», што нібыта пасля таго, як адна з уцякачак дала інтэрвʼю тэлежурналістам, у Чачэніі невядомы спалілі яе дом. Большасць тых, хто цяпер знаходзіцца ў імправізаваным лагеры, хаваюць твары ад тэлекамеры.

Кожны з іх па некалькі разоў спрабаваў перайсці беларуска-польскую мяжу. Аднак польскія памежнікі скіроўваюць ўцекачоў назад, толькі адзінкі застаюцца ў Польшчы, каб далей прайсці праз працэдуру атрымання прытулку. Уцекачы паказваюць свае пашпарты з дзясяткамі пячатак памежнікаў, якія сведчаць пра колькасць спробаў трапіць у Еўразвяз.

ЯБ/МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары