Адамовіч: Дадатковы тэрмін для палітвязня – гэта ў рамках рыторыкі «нас не наклонят, нас не опустят»


Што насамрэч адбываецца з палітвязнямі і чаму ім падаўжаюць тэрміны? «Белсат» паразмаўляў з жонкаю палітычнага зняволенага Мікалая Статкевіча Марынаю Адамовіч.

Палітвязень Мікола Дзядок меў выйсці з турмы ўжо праз некалькі дзён, аднак суд у Магілёве прысудзіў яму дадатковы год зняволення.

«Вельмі цяжка патлумачыць гэта з пункту гледжання здаровага сэнсу і нармальнай чалавечай логікі, бо мне здаецца, што ва ўмовах вонкавай пагрозы, абвастрэння вонкавапалітычнай сітуацыі самым разумным было б пайсці на супрацу з усімі тымі, хто гатовы супрацоўнічаць з краінай, і адпаведна дзеля гэтага засталася адна перашкода – палітвязні», – заўважыла спадарыня Адамовіч. Улады Беларусі на тле вонкавай пагрозы чыняць супрацьлеглыя дзеянні, а становішча палітвязняў пагаршаецца.

Сітуацыю з Мікалаем Дзядком жонка Мікалая Статкевіча назвала праявай асаблівага цынізму, калі дадатковы тэрмін прысудзілі літаральна перад планаваным вызваленнем.

«Я думаю, што гэта ў рамках той рыторыкі, якую мы рэгулярна чуем па тэлебачанні, – прадэманстраваць усяму свету, што «прымайце нас такімі, якія мы ёсць», «нас не наклонят, нас не опустят», – адзначыла Марына Адамовіч. – Пакараць чалавека за тое, што ён нібыта насіў спартовыя штаны ў камеры? Я рэгулярна бачу здымкі і рэпартажы з месцаў зняволення, і паверце мне, зняволеныя там выглядаюць «хто ў лес, хто па дровы». Гэтага не саромеюцца паказаць па беларускім тэлебачанні».

Сітуацыя з Мікалаем Дзядком – гэта сігнал для беларускай грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных сілаў і для палітыкаў Захаду, якія прывыклі, што ўсе пытанні можна развязаць шляхам дыялогу і ўвесь час чакаюць пазітыўных сігналаў з боку беларускага кіраўніцтва, мяркуе спадарыня Адамовіч.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў