Ад жонкі журналіста Кастуся Жукоўскага патрабуюць дэкларацыю аб прыбытках за 10 гадоў


Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі з 2008 года штогод на патрабаванне мясцовай падатковай інспекцыі запаўняе дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці. Цяпер падаткавікі зацікавіліся і ягонай жонкай.

У 2008-м Кастуся Жукоўскага на патрабаванне падатковай у судзе аштрафавалі за атрыманні грошай у падарунак на вяселле ад сваякоў.

«На вяселлі было шмат гасцей, у тым ліку і сваякі з Украіны. І мне далі штраф за іхныя падарункі – маўляў, я мусіў зарэгістраваць гэтыя грошы як дапамогу з-за мяжы. То бо на вяселлі я мусіў усталяваць асобны кошык для падарункаў ад украінцаў», – распавёў Кастусь Жукоўскі.

Чытайце таксама >>> На журналіста Кастуся Жукоўскага склалі пратакол за «апытанне грамадскага меркавання»

Падатковыя органы разлічылі прыбыткі ягонай жонкі за апошнія дзесяць гадоў і знайшлі ў 2006 годзе перавышэнне выдаткаў над прыбыткамі.

«У той час жонка была ў дэкрэце, мы вялі сумесную гаспадарку – і тады, і цяпер. Падатковая знайшла перавышэнне ў 373 рублі, гэта больш за 3,7 млн старымі грашыма. Гэта не такая буйная сума, і мы патлумачым, вядома, адкуль яна ўзнікла. Проста мы ўвесь час пад прэсінгам і кантролем, нам не даюць спакою», – дадаў журналіст.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў