Ад якіх баевікоў плануе абараняцца беларуская армія? Аналізуем вучэнні апошняга часу


«Баевікі прарваліся ў Менск і захапілі адміністратыўны будынак аднаго з раёнаў гораду» – гэтак гучыць адзін з сцэнароў сумесных вучэнняў некалькіх беларускіх сілавых структур, якія адбываліся ў першай палове верасня.

З якімі «баевікамі» плануе ваяваць беларуская армія на сваёй тэрыторыі? Чаму для іх знішчэння нашы вайскоўцы рыхтуюцца выкарыстоўваць танкі, цяжкую артылерыю і супрацьпаветраныя зенітныя комплексы?

Прарыў, захоп, знішчэнне

Хіба што ўпершыню за шмат гадоў нашыя сілавікі вучыліся ваяваць у самім Менску, паведаміла афіцыйнае выданне Мінабароны Беларусі. Паводле легенды, падзеі развіваліся наступным чынам.

Баец тэрытарыяльнай абароны на КПП. Фота vsr.mil.by

Міліцыянты Фрунзенскага раёну і жаўнеры войскаў тэрытарыяльнай абароны ахоўваюць кантрольна-прапускны пункт, правяраюць дакументы ў пасажыраў машын. Аднак кіроўца аднаго з аўтамабіляў б’е міліцыянта нажом, а потым пачынаецца стральба.

Але гэта толькі пачатак – баевікі выкарыстоўваюць дымавыя гранаты, і пад прыкрыццём дыму ў Менск прарываецца на аўтамабілі асноўная група дыверсантаў, якая ведае дыслакацыю войск на дарогах і нават час змены варты на КПП.

Камандас МУС РБ адбіваюць будынак, які захоплены «баевікамі». Фота vsr.mil.by

Гэтыя дыверсанты апранутыя ў цывільнае, таму абыходзяць патрулі ў самім Менску і захопліваюць будынак гарадской адміністрацыі, маючы на ўзбраенні кулямёты і аўтаматы. Бяруць закладнікаў. Сумеснымі дзеяннямі спецыяльных падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных справаў і тэрытарыяльнай абароны, баевікоў блакуюць і знішчаюць.

Аднак гэта не ізаляванае вучэнне па знішчэнні нейкіх «баевікоў», якія дэманструюць добрую падрыхтоўку і ўзбраенне.

На палігонах – танкі супраць «дыверсантаў»?

Амаль адначасова на 227 агульнавайсковым палігоне пад Барысавым адбываліся іншыя вучэнні. І таксама па барацьбе з «незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі». Прычым тут для барацьбы з імі прыйшлося ўзмацняць сілы і выкарыстоўваць супрацьпаветраную абарону – хоць здавалася б, у якіх баевікоў зараз ёсць авіяцыя?

Танкі падчас вучэнняў на 227-м палігоне. Крыніца – «Ваяр»

Наколькі можна судзіць, сцэнар вучэнняў прадугледжваў, што за нападам баевікоў і дзеяннямі дыверсійна-разведвальных групаў праз мяжу могуць пайсці рэгулярныя войскі магчымага праціўніка. Супраць баевікоў дзейнічалі і авіяцыя, і танкі, прычым нашы войскі неслі страты – адпрацоўваліся эвакуацыя параненых і пашкоджанай баявой тэхнікі.

З варожымі дыверсантамі змагаліся ў апошнія дні і беларускія механізаваныя падраздзяленні, і беларускія артылерысты, і спецыялісты па радыёэлектроннай барацьбе. «Задачы па падрыхтоўцы і нанясенні ракетных удараў выконваюцца ва ўмовах непасрэднага ўздзеяння дыверсійна-разведвальных груп умоўнага праціўніка», – паведамляецца пра вучэнні, у якіх удзельнічала 336-я ракетная артылерыйская брыгада, у складзе якой служаць беларускія «Паланэзы».

«Баевікі» гібрыднага разліву

Прыкладна з 2015 года ў беларускай арміі заўважныя тэндэнцыі да падобных спецыфічных сцэнараў вучэнняў – дзейнічаюць быццам бы нерэгулярныя ўзброеныя фармаванні, але занадта прафесійныя, быццам бы баевікі, але такія, якія могуць знішчаць баявую тэхніку супрацьтанкавымі ракетнымі комплексамі. Прычым «баевікоў» падтрымліваюць сілы, якія могуць выкарыстаць і баявую авіяцыю, і высадзіць паветраны дэсант у нашым тыле.

Аднак прарыў такіх дыверсантаў у Менск, у якім ужо ўведзена нешта накшталт вайсковага палажэння (звычайна на ўездзе ў горад ніякіх міліцэйскіх КПП, тым больш сумесных з войскамі, няма) – гэта нешта новае, што вельмі нагадвае падзеі ў Украіне увясну-улетку 2014 года.

Захоп будынку міліцыі ў украінскім Славянску групай Ігара Гіркіна, якая перад гэтым ноччу перайшла расейска-украінскую мяжу

Тады групы баевікоў, якія былі ўзброеныя стралковаю зброяй, захоплівалі будынкі адміністрацыяў, міліцыі і Службы бяспекі Украіны, абвяшчаючы тое, што ў іх асобе «народ паўстаў супраць фашыстаў», а потым ужо з захопленых будынкаў заклікаючы Расею да вайсковай інтэрвенцыі ад імя «народу». Адначасова вельмі характэрнай рысай канфлікту стала неабходнасць выкарыстання ўсіх магчымасцяў арміі, якая абараняе сваю краіну, супраць прыезджых «шахцёраў», у якіх раптам зʼявілася бранятэхніка і сучаснае ўзбраенне, а таксама адсутнасць адзінай лініі фронту, што дае магчымасць масавага выкарыстання дыверсійных груп.

Расейскія жаўнеры, якія трапілі ў украінскі палон пад Ілавайскам

За спіной гэтых фармаванняў стаяла на мяжы з Украінай расейская армія, якая, што ўжо не хаваюць і самі былыя баевікі, і ўратавала ў жніўні 2014 года так званыя «народныя рэспублікі» праз непасрэднае ўвядзенне на тэрыторыю Украіны расейскіх рэгулярных войскаў без знакаў адрознення. Тое ж самае адбылося і ў пачатку 2015 года падчас баёў пад Дэбальцава.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў