Ад сёння ў Ізраіль – без візы


Доўгачаканая дамова па бязвізавым руху пачала працаваць 26 лістапада. Пакуль, праўда, ад абавязку атрымоўваць візы вызваленыя толькі турысты і госці, што прыязджаюць не болей, чым на тры месяцы.

Сёння набыло моц міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Ізраілем аб адмене візаў, якое было падпісана ў Менску ў верасні 2014 года. Паводле дамовы грамадзяне Беларусі і Ізраілю могуць уязджаць на тэрыторыю іншай дзяржавы на падставе нацыянальнага пашпарту, але на тэрмін не болей, чым 90 дзён на працягу паўгода з моманту першага ўезду.

Калі грамадзянін адной з краінаў дамовы будзе мець намер правесці на тэрыторыі другой дзяржавы больш, чым 90 дзён або будзе ажыццяўляць працоўную або камерцыйную дзейнасць, ён будзе вымушаны загадзя звярнуцца па адпаведную візу.

Дамова будзе дзейнічаць год і будзе кожны раз працягвацца аўтаматычна – да моманту, пакуль адзін з бакоў не захоча яе ануляваць.

ДД, belsat.eu; фота: МЗС

Стужка навінаў