Ад сёння атрымаць амерыканскую візу ў Менску стала прасцей


Робэрт Райлі і Алета Кавенскі на прэсавай канферэнцыі ў Менску: «Спадзяемся выдаваць у Менску 18 000 візаў у год». 1 лістапада 2017 года. Фота – «Фэйсбук» Амбасады ЗША ў Беларусі

Амбасада ЗША ў Злучаных Штатах заяўляе пра пашырэнне консульскіх паслугаў.

Гэтак, ад сёння амбасада будзе прымаць звароты па турыстычную і дзелавую візу катэгорыяў B1/B2 ад грамадзянаў Беларусі ўва ўзросце 50 і болей гадоў.

Ранейшы цэнз – 70 гадоў.

«Пашырэнне консульскіх паслуг – частка нашай дзейнасці па ўмацаванні амерыкана-беларускіх стасункаў праз аблягчэнне кантактаў паміж людзьмі», – заяўляе амбасада.

У сакавіку 2008 года амерыканская амбасада скараціла дыпламатычны штат з 35 да 5 чалавек пад ціскам Менску – гэтак беларускія ўлады адрэагавалі на гаспадарчыя санкцыі Вашынгтона, уведзеныя за парушэнне правоў чалавека. Апошнія дзесяць гадоў беларусам па амерыканскую візу даводзіцца ехаць за мяжу – у Варшаву, Вільню, Кіеў або Маскву. (Амбасада ў сталіцы Расеі сёлета скараціла свой штат і раіць беларусам звяртацца ў іншыя замежныя прадстаўніцтвы.)

Ад жніўня 2014 году амерыканская амбасада ў Менску аднавіла выдачу візаў некаторым катэгорыям грамадзянаў – студэнтам, удзельнікам праграмаў культурнага абмену, асобам, старэйшым за 70 гадоў, а таксама тым, у каго раней ужо была амерыканская віза.

30 студзеня 2017-га пачаў дзейнічаць іміграцыйны ўказ прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, які распаўсюдзіўся і на беларусаў. Паўторна атрымаць візу ў Менску маглі толькі грамадзяне Беларусі, у якіх віза скончылася менш за 12 месяцаў таму. Калі больш – трэба было ехаць па візы ў суседнія сталіцы.

Амбасада дадае, што плануе павялічыць колькасць візавых паслугаў у бліжэйшы час.

ДД

Стужка навінаў