Ад смеццевых кантэйнераў да дзіцячых калысак – пад брэндам «зроблена ў турме»


На трынаццаці ўнітарных прадпрыемствах сістэмы МУС вязні вырабляюць велізарны асартымент тавараў.

Праца зняволеных выкарыстоўваецца не ў кожнай краіне, але ў Беларусі такі метад перавыхавання захаваўся з часоў Саветаў і шырока выкарыстоўваецца. У крымінальным кодэксе прапісана, што кожны асуджаны да пазбаўлення волі абавязаны працаваць, каб пакрыць выдаткі на сваё ўтрыманне.

Вялікая частка прадукцыі, выпушчанай за калючым дротам – тавары спецпрызначэння. Напрыклад, дзякуючы працы асуджаных жанчын з РУП «№4» беларускія міліцыянты забяспечаныя формаю, а дзякуючы мужчынам з РУП «17» – берцамі. Вязні з Бабруйскага «ВК №2» уласнымі рукамі вырабляюць для сістэмы, якая іх карае, спецсродкі і рыштунак – чахлы для наручнікаў, кабуру і гумовыя дручкі.

Брэнд, які не раскручваюць

Але большасць тавараў, выпушчаных за сценамі калоній, можна сустрэць у звычайных крамах і нават не здагадацца, дзе і хто іх зрабіў.

Купляючы дзіцяці санкі айчыннай вытворчасці вы можаце трапіць менавіта на «турэмную» прадукцыю – практычна ўсе «папраўчыя» прадпрыемствы выпускаюць розныя варыяцыі гэтага дзіцячага зімовага транспарту. А ў РУП «17» мужчыны, якія адбываюць пакаранне, робяць яшчэ і сімпатычныя арэлі ў выглядзе конікаў, калыскі і крэслы для кармлення немаўлятаў.

Асартымент прадукцыі, які выпускаюць у месцах пазбаўлення волі, сапраўды ўражвае – гэта мэбля, зрубы хат, скрыні, садовыя арэлі, кантэйнеры для смецця, вёдры, жалобныя вянкі і шмат іншага. Апроч вытворчасці «бытавухі» зняволеныя здольныя тварыць нешта мастацкае – у Бабруйску, да прыкладу, вязні робяць драўляныя ружы, разьбяныя падстаўкі і шкатулкі, якія часта можна сустрэць у кабінетах чыноўнікаў.

Рабская праца

Праваабаронцы называюць ўмовы працы ў беларускіх калоніях і ЛПП рабскімі. На думку эксперта па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы Паўла Сапелкі, вязняў дыскрымінуюць у пытаннях аплаты працы, прадастаўлення адпачынкаў і сацыяльных гарантыяў. У сваім аналізе, апублікаваным на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна», ён зазначае, што каля 80 % апытаных былых вязняў пры поўнай занятасці не атрымлівалі нават «мінімалкі».

З мізэрнымі заробкамі за калючым дротам сутыкнуўся і былы палітвязень Алесь Бяляцкі. «Мой заробак за шасцідзённы працоўны тыдзень па 7 гадзін у дзень склаў $3,5, з якіх $2,5 былі пералічаныя на рахунак турмы за ацяпленне, ваду і гэтак далей. Пры такім жабрацкім заробку, напрыклад, абавязаныя асобы, маюць запазычанасць, якая ўсё расце, а маючы гэткую запазычанасць яны не трапляюць пад амністыю. Атрымліваецца кругазварот, бязвыхадная сітуацыя», – адзначыў Бяляцкі ў сваім Дакладзе аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Юля Харкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў