Ад самазвалаў да дронаў: чым ваюе Украіна


Ізраіль прыпыніў пастаўку узбраенняў ва Украіну. Паводле агенцтва France Presse, ізраільскія ўлады не хочуць пагаршаць адносіны з Расеяй. Але збройнае падтрыманне Кіеву пачалі аказваць краіны Еўразвязу.

Заходняя зброя ўжо ідзе ва Украіну, але адкуль і што за зброя – пакуль ваенная таямніца. Вядома, што Кіеў дамовіўся пра пастаўкі падчас саміту ва Ўэльсе. «Гэта і лятальная, і нелятальная зброя. Працэс пайшоў, і я думаю, што ўсё будзе добра. Нашае заданне – атрымаць зброю і забяспечыць мір і спакой», – паведаміў міністр абароны Валерый Гелетэй.

Украіна – адзін з сусветных экспарцёраў зброі, тых жа танкаў і снарадаў у яе дастаткова. Але бракуе сучаснай, высокатэхналагічнай зброі.

Рэактыўныя сістэмы залпавага агню ў гэтай гібрыднай вайне актыўна выкарыстоўваюць абодва бакі. Украіна ўвогуле перавяла на артылерыю ўсё агнявое падтрыманне войскаў на Данбасе. Бо авіяцыя, якую ў часы Януковіча ўціхую раскрадалі і развальвалі, падчас сённяшняй вайны зазнала значныя страты ад расейскіх супрацьпаветраных ракетаў. Яе рэшткі берагуць, каб было чым адбівацца падчас уварвання на іншых кірунках.

А пакуль у бой ідуць нават беспілотнікі савецкіх часоў, якія раней выкарыстоўвалі як вучэбныя мішэні. Праўда, расейскія баевікі ўспрымаюць іх як звышновыя крылатыя ракеты «крывавай хунты».

На ўзбраенні Украіны з’явіліся і новыя беспілотнікі. Іх не параўнаць з паўнавартаснымі баявымі машынамі НАТО, але задачы выведкі без рызыкі для пілота яны выконваюць добра. Некаторыя з іх увогуле купленыя як тэхніка мірнага прызначэння. Грошы на квадракоптэры добраахвотніцкіх батальёнаў збіралі з ахвяраванняў.

На народныя грошы робяць і гэтак званыя батальённыя «гантракі» – грузавікі з кулямётамі. А вось гэтую знакамітую дэсантную машыну – БРДМ-2 – бачылі ўсе: яна ваявала за Майдан. Цяпер пройдзе мадэрнізацыю і будзе ваяваць за Украіну.

Украінскія збройныя майстры ўмеюць рабіць і сучасныя снайперскія вінтоўкі, і неблагія бронемашыны ды танкі. Аднак на пачатку гэтай нечаканай вайны ўкраінцам давялося абараняцца тым, што было пад рукою: старымі запасамі савецкага часу і тэхнікаю, зробленай з мірных грузавікоў. Цяпер жа сучасная зброя будзе гаварыць з абодвух бакоў канфлікту.

Марцін Ярскі, belsat.eu

Стужка навінаў