Ад раю да пекла: нямецкае войска выклала 6 сцэнароў будучыні Еўропы і свету


Нямецкія жаўнеры на вучэннях восенню 2017 года. Patrik Stollarz/AFP via Getty Images

Бундэсвер распрацаваў шэсць сцэнарыяў развіцця падзеяў у Еўропе з 2018 па 2040 год – ад пазітыўнага да найбольш негатыўнага. Згодна з адным з варыянтаў, Еўрапейскі Звяз можа перастаць існаваць з-за вайсковай агрэсіі ўсходняга суседа Беларусі.

Першым сакрэтны даклад убачылі журналісты нямецкага штотыднёвіка Der Spiegel, прычым выданне паведамляе, што дакумент быў прыняты да ўвагі міністрам абароны Нямеччыны Уршуляй фон дэр Ляен яшчэ ў лютым 2017 года.

Пачата напісанне 102-старонкавага дакументу «Стратэгічны прагноз 2040» было яшчэ ў 2015 годзе – па слядох расейскай агрэсіі ў Украіне, рэзкай дэстабілізацыі бяспекі ў Еўропе і таго, што некаторыя аналітыкі на Заходзе і Усходзе ўжо назвалі новай халоднай вайной паміж Масквой і Вашынгтонам.

Адзначаецца таксама, што гэта першы ў гісторыі падобны аналіз уплыву сучасных сацыяльных зменаў і міжнародных канфліктаў на магчымую будучыню з боку нямецкіх Узброеных Сіл. Як мінімум першы з тых, якія патрапілі ў рукі прэсы.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Нямеччыны заявіў, што даклад выкладае верагодныя падзеі будучыні, аднак не называе, якія з іх больш магчымыя.

Гісторыя трывожнай будучыні

Першыя два сцэнары «Глабальны Захад» і «Вялікая мірная прастора» – з’яўляюцца пазітыўнымі, трэці апісвае захаванне статус-кво.

Чацвёрты варыянт будучыні больш змрочны. У ім скарачаюцца тэмпы росту сусветнай эканомікі, краіны пераходзяць ад эканамічнай глабалізацыі да будавання гандлёвых барʼераў. ЗША паступова перастае спраўляцца з роляй глабальнага арбітра. Эканамічнае развіццё Кітаю спыняецца, з-за чаго краіна робіцца больш нестабільнай і агрэсіўнай. У той жа час Расея выйграе з-за росту коштаў на сыравіну і праводзіць выразна варожую да суседзяў палітыку.

Вучэнні НАТО «Жалезны Воўк ІІ» у Летуве ў кастрычніку 2017 года. Фота з сайту Мінабароны Летувы.

Іншы сцэнар «Захад супраць Усходу»: утвараецца канфрантацыя паміж ЗША і Еўропай з аднаго боку, і Масквой і Пекінам з іншага. Вялікія ўзброеныя канфлікты не ўзнікаюць, як і ў часы Халоднай вайны, аднак з-за эканамічных барʼераў пагаршаецца эканамічная сітуацыя. Залежнасць ад расейскай сыравіны і пагрозы ці «гібрыдныя войны» з боку Масквы прымушаюць некаторыя краіны Усходняй Еўропы пайсці «пад руку» Крамля.

Найгоршы сцэнар, які бачаць нямецкія аналітыкі – «Разбурэнне Еўразвязу і Нямеччына ў стане рэагавання». Яны апісваюць свет, у якім «дзесяцігоддзі нестабільнасці» разбураюць існуючую сістэму міжнародных пагадненняў і каштоўнасцяў.

«Еўразвяз адмаўляецца ад пашырэння, дзяржавы выходзяць з гэтай супольнасці. Еўропа губляе канкурэнтаспасобнасць у многіх сферах. Усё больш пазбаўлены парадку, часткова хаатычны свет перажывае канфлікты, што радыкальна мяняе сітуацыю з бяспекай у Нямеччыне і Еўропе», – пішуць аўтары дакладу.

Не толькі Масква

Аналітыкі адзначаюць некалькі існуючых тэндэнцый, якія будуць рэлевантнымі і ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі:

1. Насельніцтва ў Афрыцы і Азіі хутка расце, а ў Еўропе стагніруе. Сацыяльная няроўнасць і міграцыя аслабляюць нацыянальна-культурную ідэнтыфікацыю еўрапейцаў.

2. Рост уплыву недзяржаўных супольнасцяў і арганізацыяў, дзяржаў з нееўрапейскай культурай. Непразрыстасць будучага накірунку Кітая і Расеі, распаўсюджванне кароткатэрміновых дыпламатычных пагадненняў, якія прыводзяць да непрагназаваных канфліктаў.

Баўгарская паліцыя падчас бунту мігрантаў у адным з цэнтраў іх размяшчэння. Лістапад 2016 году. Фота Reuters.

3. Адноснае звужэнне эканамічнай і фінансавай моцы заходніх краін.

4. Новыя тэхналогіі. Распаўсюджванне інтэрнет-тэхналогій робіць сучасныя грамадствы ўразлівымі перад кібер-дыверсіямі і кібер-тэрарызмам, прапагандай у інтэрнеце. Новым фактарам небяспекі робяцца беспілотнікі, асабліва мініятурныя.

5. Змены ў клімаце. Абвастрэнне канфліктаў за землі з добрымі глебамі і воднымі рэсурсамі на фоне экалагічных катастроф і пагаршэння сітуацыі з сельскай гаспадаркай у асобных рэгіёнах.

Зʼяўленне даклада ў нямецкай прэсе наўрад ці было выпадковым – вайскоўцы і палітыкі павінны даваць СМІ інфармацыю, каб грамадзяне ведалі, перад якімі выклікамі стаяць іхныя дзяржавы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары