Ад клятвы Гіпакрата не пасыцееш, або На што можа разлічваць малады лекар?


Набліжаецца канец навучальнага года, і наваспечаныя хірургі, рэаніматолагі, лекары «хуткай» выйдуць на свае першыя дзяжурства. Belsat.eu на прыкладзе невялікага гораду высветліў, якія перспектывы чакаюць маладых спецыялістаў.

«Мы прапануем жытло, а яны адмаўляюцца»

У рэдакцыю belsat.eu звярнулася некалькі выпускнікоў медычных універсітэтаў: хлопцы распавялі, што іх накіроўваюць на працу ў Ліду. Там ім трэба будзе працаваць рэаніматолагамі, участковымі лекарамі, лекарамі «хуткай дапамогі», педыятрамі, хірургамі. Паводле маладых спецыялістаў у чужым для іх горадзе не прапаноўваюць ніякіх варыянтаў размяшчэння. Плаціць першы год абяцаюць 2 мільёны 300 тысячаў рублёў. Па словах студэнтаў, такая сітуацыя не паўсюль у краіне: у гарадах паменш (напрыклад Клецк), маладым лекарам прапаноўваюць жытло.

Belsat.eu скантактаваўся з галоўным доктарам цэнтральнай раённай больніцы Ліды Генрыхам Эйсмантам, каб даведацца, чаму маладых спецыялістаў не забяспечваюць жытлом і што павінна матываваць моладзь заставацца ў Беларусі.

– Хлопцы скардзяцца, кажуць, што не забяспечваеце аніякім жытлом. Чаму?

– Гэта не зусім так. Ёсць рашэнне Лідскага райвыканкаму аб прадстаўленні жылых памяшканняў тымі прадпрыемствамі гораду, якія маюць у аператыўным упраўленні жытло. І ў залежнасці ад таго, як нам даюць новыя кватэры, мы прадастаўляем іх сваім маладым спецыялістам.

– То бок, гэта гарадскія ўлады не маюць жытла?

– У распараджэнні Лідскай ЦРБ няма ведамаснага інтэрната. Ёсць «разнарадка» гарвыканкаму, паводле якой ЖКГ вылучае 2-3 пакоі прадпрыемствам. Але адваротны бок медаля такі, што мае маладыя спецыялісты ідуць, напрыклад, у працоўны інтэрнат, але іх там не задавальняюць умовы: маўляў, рамонт трэба рабіць, яшчэ нешта.

– І такое бывае?

– Так, напрыклад, мы далі жытло – яны адмаўляюцца. І такія выпадкі, між іншым, здараюцца вельмі часта. Магчыма, улічваючы эканамічную сітуацыю, яны перадумаюць – палічаць, маўляў, добра, што ёсць хоць дах над галавой. Самі рамонт могуць зрабіць, усё роўна там самі будуць жыць.

Павысіць зарплату магчымасць ёсць. Але на колькі?

Фота bsmu.by
Фота bsmu.by

– Яшчэ хлопцы скардзяцца на заробак у 2 мільёны 300 тысяч. Чаму такі нізкі?

– Заробак у нас нічым не адрозніваецца ад іншых лячэбных устаноў. Я не магу вам так дакладна сказаць, што гэта менавіта такая сума… Думаю, яны пераменшылі – у выніку дзесьці 2 мільёны 800 тысяч. Але гэта ўсталёўваецца паводле рэспубліканскай тарыфнай сетцы, і ў Лідскай ЦРБ не самы нізкі заробак – у нашых лекараў сярэдні заробак каля 7 мільёнаў 300 тысяч.

Але гэтыя 2 мільёны 300 тысяч – гэта на стаўку, на 167 гадзін. Усе ахвотныя маладыя, хто хоча падпрацаваць і павысіць свой заробак – калі ласка. Можна ўзяць дадатковае дзяжурства, а так моладзь, у асноўным, у нас працуе роўна на стаўку – ніхто ніякіх сумяшчэнняў браць не жадае. У Менску, наколькі я ведаю, па кантракце там яшчэ прыплюсоўваць 50% ад заробку, плюс нейкія надбаўкі за складанасць і напружанасць, а ў Лідзе, на жаль, так не выходзіць. Мы падавалі паперы ў выканкам, але, улічваючы фінансаванне, нам было адмоўлена».

– А як маладому чалавеку, здымаючы жыллё і аплачваючы камуналку, пражыць на такія грошы ў выканкаме не распавядаюць?

– Ёсць складанасці. Па дамове арэнды мы пакрываем дзве базавыя велічыні (420 тысяч – заўв.рэд.) кожнаму супрацоўніку на месяц. А калі гэта сямʼя, напрыклад, то, значыць, ім чатыры – і ўжо трошкі весялей. Але маем тое, што маем, ніхто не кажа, што ўсё тут бясхмарна і што праблем ніякіх няма.

– Вясёлага, канешне, мала. Вашыя калегі, галоўнае медычнае начальства ў асобе міністраў і яго намеснікаў увесь час кажуць, маўляў, вы – маладыя спецыялісты – ведалі куды ішлі, у клятве Гіпакрата сказана, што працуеце не за грошы, а па пакліканні…

– Як ёсць, што зробіш.

– Шэсць гадоў вучыўся чалавек, добра вучыўся, наведваў заняткі, і жытла на пачатку няма, і заробак у 100-120 еўра. Што павінна матываваць моладзь заставацца ў Беларусі?

– Цяжка сказаць. Пачынаць адназначна цяжка. Але як мага раней здаць на катэгорыю, калі хтосьці жадае. Калі хірургічны профіль – на першую катэгорыю здаеш, і пачынаюцца высокатэхналагічныя аперацыі. Рухацца можна, калі нехта ўжо так зацікаўлены. Крыху павышаем заробак, калі малады чалавек мае, напрыклад, «чырвоны» дыплом – адразу яму плюс 30% па кантракце, калі ёсць магчымасць – можна даць і больш.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў