Ад Ільіча да Ільініч: як кандыдатка з вёскі змяняе мужчынскія правілы


У Беларусі ёсць незвычайная жанчына. Яе жыццёвыя каштоўнасці крытыкуе Лідзія Ярмошына, а нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч – ухваляе. Яна парушае межы мужчынскага свету, пакінутыя без нагляду. Вясковая настаўніца на пенсіі, якая адважылася высунуць сваю кандыдатуру ў парламент. Наталля Ільініч – сімвалічная персона, новая беларуска, якая прайшла шлях ад жанчыны савецкай да жанчыны еўрапейскай.

Са знікненнем БССР мы пераступілі ў новае жыццё, а розумам засталіся жыць у старым. Гэтак, здавалася б, прагрэсіўная беларуска, кіраўніца цэнтрвыбаркамау краіны сп. Ярмошына ў 2010 годзе «нараджае» фразу, якая стала крылатаю: «Жанчыны павінны сядзець дома і варыць боршч, а не па плошчам бадзяцца». Гэтак яна крытыкавала ўдзел беларусак у мітынгу супраць прызначэння Лукашэнкі прэзідэнтам. Наталля Ільініч таксама там «бадзялася», пасля чаго развіталася з настаўніцкай працаю ў школе.

У 2016 годзе Наталля Валянцінаўна вырашае балатавацца ў парламент, сама. У параўнанні з мінулымі выбарамі, доля жанчын сярод кандыдатаў у дэпутаты вырасла, але ўсё адно застаецца меншай за колькасць мужчын – розніца ў тры разы. Парадаксальна, але нават гэтыя лічбы мала гавораць пра рэальную палітычную актыўнасць беларусак.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”281726″ img_size=”large”][vc_column_text]Крыніца: belstat.gov.by

Пасля заявы кіраўніка Беларусі пра тое, што, на яго меркаванне, жанчын у парламенце малавата, іх прадстаўніцтва павялічылася з 14% да 32% (2000 і 2004 гг.). Акрамя актывізацыі жаночых арганізацыяў, значны ўплыў на рост адсоткаў зрабіў адміністратыўны рэсурс.

«Падумаць над вылучэннем» прапаноўваюць жанчынам, якія добра сябе зарэкамендавалі на дзяржпасадах. Наталлі Ільініч ніхто нічога не прапаноўваў. Яна – прадстаўніца меншасці з меншасці: жанчына, пенсіянерка, вясковая жыхарка і… апазіцыянерка.[/vc_column_text][vc_single_image image=”281738″ img_size=”large”][vc_column_text]Наталля Ільініч, 55 год, мае дарослую дачку. Усё жыццё пражыла ў вёсцы. 25 год выкладала гісторыю і навуку пра чалавека ды грамадства. Звольненая з палітычных матываў. На пенсіі, дадаткова зарабляе на малацэ ад свойскай каровы. Таксама займаецца рэпетытарствам. Заснавальніца і аўтарка краязнаўчага сайта talka.info. Сябра «Таварыства беларускай школы». У дзяцінстве марыла стаць настаўніцай. Кажа, што ў парламент ніколі не ірвалася: «Гэта не маё, але я бачу, што няма больш каму».

Навошта яна ідзе ў парламент? Гэтае на першы погляд простае пытанне цікавіць і суседак, і сябровак, і дачку. Бо на іх меркаванне, гэта не будзе мець плёну і нават можа быць небяспечным. Кандыдатка кажа, што ілюзіяў пра сумленны падлік галасоў яна не мае – не ў гэтым сэнс. Тады ў чым?

«Паважаныя выбаршчыкі»

[/vc_column_text][vc_single_image image=”281820″ img_size=”large”][vc_column_text]Школа ў вёсцы Талька, Пухавіцкі раён Менскай вобласці. На 2015 год – каля 350 жыхароў. Фота Наталлі Ільініч.

У вёсцы Талька людзі жывуць думкамі, як забяспечыць сябе і сямʼю. Бо добрых заробкаў і пенсіяў няма. Дарослыя і старыя трымаюць гаспадаркі, збіраюць ягады ды грыбы, каб здаць у нарыхтоўку. Літр чарніцаў прымалі па рублі, калі спраўна працаваць, то можна зарабіць каля 250 долараў на месяц. На вёсцы хапае і бытавых праблем, якія не вырашаюцца гадамі. У перадвыбарчай улётцы Наталлі Ільініч іх спіс складаецца з 15 пунктаў. Супраць Ільініч на акрузе ідзе генерал Валеры Гайдукевіч, які балатуецца на другі тэрмін.

«Улады жывуць сабе, а людзі сабе. Мы бачым, што не патрэбныя ўладам», – кажа Наталля.[/vc_column_text][vc_column_text]Раніцой Наталля доіць карову, а ўдзень агітуе суседзяў самім абіраць сваю будучыню і браць адказнасць за якасць свайго жыцця, за якасць грамадства на сябе.

– Па чым бачна, што ўладзе да вас няма справы?

– Мы штогод просім: дайце зямлі кароў пасвіць, сена касіць. Вакол багата зямлі. А нам адказваюць, што нельга, бо яна перададзеная суседняму кааператыву. Кажуць, Лукашэнку пішыце. А хіба Лукашэнка зямлю даваць будзе? Другое лета ў калодзежах вада сыходзіць. Прыходзіцца вазіць ад чыгункі аж. Просім, каб дзяржава дапамагла грашыма, каб прабіць свідравіны і парабіць калонкі. Хоць частку. Адказ: грошай на гэта няма. На планшэты ўдзельнікам усебеларускага сходу грошы ёсць, а на ваду – няма!

– І як людзі сябе адчуваюць, калі бачаць такое стаўленне ўладаў? Ці прымаюць сябе за годных грамадзянаў?

– Людзі гавораць пра сябе: мы – што быдла, мы нікому не патрэбныя. Непрыемна так пра сябе думаць, таму народ стараецца сысці ад гэтага і ніяк з дзяржавай гэтай не сутыкацца. Самім выжываць. Завяду сабе карову і буду пасвіць па кустах, ды сярпом жаць траву, насіць неяк на сена сушыць. Ёсць такія старыя. А ёсць такія, каб скрасці нешта на калгасным полі – гэта ж не сорамна скрасці ў калгаса.[/vc_column_text][vc_single_image image=”281750″ img_size=”large”][vc_column_text]Наталля дадае: мясцовыя праблемы наўпрост пагаршаюць жыццё яе сям’і, таму яна дужа хоча іх вырашаць. Плюс яна ведае, як трэба гэта рабіць: яна знаўца мясцовага самакіравання ў Еўропе, вывучала паспяховы досвед самакіравання беларусаў у гісторыі.

На бяссіллі мясцовых уладаў, абыякавасці рэспубліканскіх, ды інэртнасці атачэння вырасла ў Наталлі Ільініч думка: ці не ўзяць усё ў свае рукі і заняцца палітыкай?

«Жанчына, якая болей ведае»

Наталля Ільініч не нарадзілася той, якой больш за ўсіх трэба. Яна, як і большасць сучасных беларусак – дзіця грамадства, якое пабудавалі і ўзначалілі мужчыны. Жанчынам «належыць» нараджаць і варыць баршчы. Вось гераіня абірае «класічную жаночую» працу – настаўніца. Жывучы на вёсцы, яна мае ўсе шанцы, каб застацца палітычна і грамадскапасіўным «элементам соцыуму».

Яна была на «Плошчы-2010», пасля чаго кэдэбэшнікі ўчынілі ў яе хаце ператрус. Заканамерна для цяперашняй Беларусі, яна пазбавілася працы ў школе, уступіла ў БНФ. Словам, стала незалежная і перастала баяцца.

– Ці проста вам далося рашэнне вылучыцца ў парламент?

– Канечне, я доўга вагалася. «За» было тое, што іншыя не могуць: або працу яны страцяць, за сям’ю баяцца, за дзяцей. Я не баюся. Маё дзіця вырасла. Я досвед маю: ведаю, што такое парламент, што такое дэмакратыя, правы чалавека. А дачка мне гаварыла: мама, яны цябе проста забюць, яны спаляць табе хату. Яна так казала, таму што ў 2009 годзе ў нас у Мар’інай Горцы забілі грамадскага актывіста Валянціна Доўнара. Ён вазіў газеты. І ўсе думаюць, што гэта праз газеты.

– Вы таксама гэтак думаеце?

– Канечне… І вось пасля гэтага людзі сталі баяцца. У мяне няма ніводнага сябры БНФ у ініцыятыўнай групе: хто спіўся, хто памёр, хто з’ехаў за мяжу, а хто – ва ўнутраную эміграцыю.

– А чаму ў вас не знайшлося мужчыны, акрамя генерала, каторы захацеў бы балатавацца?

– У нашым раёне многа мужчын, але яны запалоханыя смерцю Доўнара…[vc_row][vc_column][vc_single_image image=”281814″ img_size=”large”][vc_column_text]– А вы хіба не напалоханыя?

– Я падумала, можа, мяне не забюць (смяецца)?.. Ёсць жа і прымаўкі такія, як у расейцаў, «плетью обуха не перешибёшь». Яны, мужчыны, больш рацыянальныя. А я кіруюся пачуццямі – хачу палепшыць жыццё вакол сябе.

На наступны дзень пасля заявы гераіні аб намеры балатавацца адбылося падазронае. З суседкай і яе ўнучкай Наталля гнала карову з цялём з поля дахаты. Каля дома адна машына спынілася і прасігналіла, а другая неслася на высокай хуткасці. Пачалі сігналіць – і спалоханае цяля кінулася пад колы. Ільініч атрымала вялікі штраф і квіток за рамонт машыны. Цяля прыйшлося зарэзаць. Кандыдатка лічыць, што гэтак яе хацелі запужаць.

– І вы спужаліся?

– Так, але падумала: калі ціснуць, трэба даць адпор. Тым больш мяне грэла, што Святлана Алексіевіч паверыла ў мяне, падтрымала вылучэнне. Яна дапамагла мне фінансавала: дала грошы на ўлёткі і плакаты. А суседзі мае, хто збіраўся ў ініцыятыўную групу ўступаць, пасля здарэння з цялём паадмаўляліся.

З нобэлеўскай лаўрэаткай па літаратуры Святланай Алексіевіч гераіня знаёмая з 2011 года. Алексіевіч даслала звольненай са школы настаўніцы ліст з падтрымкаю: маральнай і матэрыяльнай. Справядлівасці дзеля Наталля ўзгадвае, што атрымала лісты і ад іншых людзей – блізу дзвюх соцень. Нобэлеўская лаўрэатка пабачыла ў вясковай настаўніцы чалавека, якому па сілах разварушыць «наша балота».

– Чаму вы ідзяце ў палітыку, дзе ўсё вызначана?

– Каб паказаць, што мы ёсць, што ёсць альтэрнатыва ўсяму гэтаму. Што ёсць іншы шлях, замест таго, каторым мы ідзём 25 гадоў.

– Каму паказаць?

– Народу. Народ думае, што нас ужо няма, а мы ёсць.

– А мы – гэта хто?

– Нацыянальныя сілы (жанчына робіць націск на сілы).

– А вы сама хто цяпер?

-??? Была дачка, піянерка… Камсамолка, настаўніца…

– А хто вы цяпер? Хто вы ўсярэдзіне?

– Я жанчына, якая зразумела трошкі больш за іншых…

«Главней всегопогода в доме»

– Як вясковыя жанчыны ставяцца да вашай актыўнасці?

– Яны кажуць: мы цябе падтрымаем, але на сход не прыйдзем, бо фіксуюць. Галасаваць абяцаюць. Кажуць: мы ўсе за цябе.[/vc_column_text][vc_single_image image=”281762″ img_size=”large”][vc_column_text]Кандыдатка заклікае сваіх выбарцаў замест галасавання ісці на назіранне. Каб на свае вочы «пабачыць», як «лічаць» галасы на беларускіх выбарах.

«Палітыка большасцю жанчын успрымаецца, як надвор’е. Мы ж не можам надвор’е змяніць. Так вось і да ўлады ставяцца: не можам змяніць, значыць, мне не трэба і я гэтым не цікаўлюся. Людзі знаходзяць прымяненне сваім талентам у каханні, сям’і, рабоце», – Ільініч распавядае, чаму жанчынам у Тальцы палітыка фіялетава.

«Погода в доме» – песня жанчыны, у каторай цэнтр каштоўнасцяў муж і сям’я. Шлягер 1996 года, папулярны дагэтуль. Песню круцяць на рэгіянальных радыё і тв у якасці «падарунка» або «прывітання».

– Як вы мяркуеце, ці дастаткова беларускі прадстаўленыя ва ўладзе?

– Вядома, што не. У нас начальнікі мужчыны паўсюль. Жанчыны на другіх ролях часта, хаця, па сутнасці, можа, і большую ролю адыгрываюць.

-А што жанчыны могуць прыўнесці ў палітыку, калі стануць самастойнымі?

– Жанчыны могуць прыўнесці больш чалавечнасці, увагі да праблемаў сям’і, неабароненых людзей.

-Калі ўзнікла адчуванне, што вы самі можаце займацца палітыкай?

– Разам з тым, як узнікла адчуванне, што няма больш каму. Але я ніколі ў жыцці пра гэта не думала. Гэта толькі цяпер. Для мяне палітыка не ўласцівая, я не люблю быць у цэнтры ўвагі. Аднак я заўсёды імкнулася ўплываць на жыццё, каб ад мяне залежала, як я жыву.

-Значыць, сітуацыя пагоршылася да такой ступені, што вы не можаце больш трываць?

– Трываць я магу. Але не хачу! Трываць бы я магла. Магла б сысці ва ўнутраную міграцыю, кніжку сваю пра Тальку перавыдаць. Але не хачу больш назіраць. І мяне сагравае думка, што ёсць механізм такі ў Еўропе, каб палепшыць жыццё. Нам хаця б наблізіцца.

– Ведаеце, маё пакаленне мае падставу злавацца на сваіх бацькоў, таму што яны выпусцілі з-пад кантролю сваю краіну, не ўзялі на сябе адказнасць. А цяпер мы, дзеці, баімся за сваіх дзяцей. У які свет нам іх прыводзіць? Якое жыццё прапанаваць? Прыстасаванне, змаганне, міграцыя? Што б вы адказалі?

– Я ведаю пра што вы. Мне дачка таксама кажа: мама, нічога ўжо немагчыма зрабіць – гэтая краіна асуджаная. Я вось і стараюся ёй даказаць, што не, не асуджаная. Ва ўсякім разе паспрабаваць можна. Я ж яшчэ не спрабавала. Вось чаму я стараюся гэта рабіць.

Таццяна Бублікава, belsat.eu

Фота Вячаслава Радзіміча

Стужка навінаў