Аб'яднанне Беларусі ці новая акупацыя?


75 гадоў прайшло з моманту аб’яднання падзеленых паміж Савецкім Саюзам і Польшчаю частак Беларусі. Адны гісторыкі называюць гэтую падзею вызваленнем ад панскага прыгнёту, іншыя – зменаю адной акупацыі на другую.

 Аб’яднанне ў складзе БССР стала магчымае ў выніку цынічнага гандлю паміж таталітарнымі дзяржавамі – гітлераўскаю Нямеччынаю і Савецкім Саюзам. Насельніцтва Беларусі, якое ўсё ж чакала аб’яднання, адразу зведала, што такое савецкі лад з тэрорам, высочваннем і даносамі, высылкамі, арыштамі, расстрэламі.

ІГАР МЕЛЬНІКАЎ, ГІСТОРЫК: «Варта памятаць пра рэпрэсіі, 4 хвалі дэпартацыі, якія былі даволі жорсткімі. Былі рэпрэсіі, звязаныя з беларускім катынскім спісам. Безумоўна, пра гэта трэба памятаць. Ну, і саветызацыя».

 

Савецкая ўлада імкнулася ўстанавіць кантроль над усімі галінамі чалавечага жыцця. Пачаўся прымусовы загон ў калгасы. Савецкі рэжым паставіў за мэту поўную дэнацыяналізацыю беларусаў і пераўтварэнне іх у новае адзінства «савецкі народ».

ІГАР КУЗНЯЦОЎ, ГІСТОРЫК: «Навучальныя дапаможнікі з часоў 60–70 гадоў у адносінах падзеяў, звязаных з вераснем 1939-га, засталіся нязменнымі. Вызваленчы паход Чырвонай Арміі, вызваленне працоўных ад прыгнёту польскіх паноў, новая ўлада, дэмакратыя, уз’яднанне двух народаў».

 Гісторыкі, відавочцы падзеяў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў сабраліся на круглы стол, каб асэнсаваць трагедыю, якую прынесла 17-га верасня беларускаму народу. Але сабраліся неафіцыйна. Дзяржава ж працягвае ставіцца да сённяшняй даты як да свята з прычыны вызвалення беларускай тэрыторыі. З абраннем у 1994 годзе прэзідэнтам гісторыка Аляксандра Лукашэнкі ўся афіцыйная гістарыяграфія зрабіла крок назад, распачаўшы «вяртанне ў СССР».

Беларусы фактычна зрабіліся закладнікамі савецкай сістэмы. Але да шырокага грамадскага асэнсавання гэтага пакуль яшчэ мы не прыйшлі.

 Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў