Абвінавачаны змяніў пол і ў суд прыйшоў як жанчына. Справу закрылі


У Менску 44-гадовы абвінавачаны на імя Яўген за час следства змяніў пол на жаночы і прыйшоў у суд ужо з новым пашпартам і дамскай сумачкай. Гэта не толькі збянтэжыла ўдзельнікаў судовага паседжання, але і выклікала шэраг юрыдычных складанасцяў.

У дачыненні да мужчыны, які стаў кабетаю, была ўзбуджаная крымінальная справа за пагрозу забойствам (артыкул 186 Крымінальнага кодэксу), піша «Комсомольская правда в Беларуси». Яўген падчас сваркі з нажом у руках пагражаў забойствам 28-гадоваму сыну сваёй суседкі па здымнай кватэры.

Абвінавачанне мусіла быць як мага больш дакладным, таму паўсталі складанасці, як яго сфармуляваць адносна мужчыны, які на момант прадяўлення абвінавачання афіцыйна змяніў пол, сказаў намеснік пракурора Ленінскага раёну Менску Андрэй Нікольскі.

У судовай практыцы Беларусі раней такога не сустракалася і ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве нічога няма на гэты конт.

У выніку справа ў судзе скончылася прымірэннем бакоў, бо пацярпелая жанчына папрасіла суд не караць наваяўленую кабету, якая пагражала ейнаму сыну забойствам, У выніку – справу закрылі.

Яўген, які змяніў пол, раней быў жанаты, гадаваў з жонкаю некалькі дзяцей. Суседзі па здымкай кватэры наракалі на ягоны складаны характар ды адзначылі, што ён з самага пачатку папрасіў ставіцца да яго як да жанчыны. Раней ён быў судзімы за хуліганства і пагрозу забойствам. Калі б суд і цяпер прызнаў яго вінаватым, яму б пагражаў арышт тэрмінам да 6 месяцаў.

МЯ, belsat.eu, паводле telegraf.by

Стужка навінаў