Абвінавачаная ў дзяржздрадзе прызналася, што званіла ў амбасаду Украіны, але не бачыць віны


«Яна не прызнае віну і будзе аспрэчваць гэта зняволенне. Яна пацвярджае, што сапраўды тэлефанавала, але не прызнае, што гэтыя дадзеныя складаюць дзяржтаямніцу, што гэта нясе шкоду РФ», – паведаміў адвакат арыштаванай Святланы Давыдавай Андрэй Сцебенеў.

Цяпер адвакат рыхтуе экспертызу, якая б вызначыла, ці інфармацыя, перададзеная жыхаркай Смаленскай вобласці ва ўкраінскую амбасаду, пашкодзіла Расеі, падае радыёстанцыя «Говорит Москва».

Паводле словаў адваката, галоўная складанасць у тым, што ў матэрыялах справы маюцца заключэнне спецыялістаў Генштабу Мінабароны.

«Згодна з заключэннем камісіі спецыялістаў Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сіл РФ, прадстаўленыя Давыдавай звесткі з’яўляюцца дакладнымі і ўяўляюць дзяржаўную таямніцу са ступенню сакрэтнасці «сакрэтна», гэтыя звесткі, пададзеныя органам Украіны, маглі быць выкарыстаныя супраць бяспекі РФ, у прыватнасці маглі паставіць пад пагрозу эфектыўнасць правядзення мерапрыемстваў дзеля ўмацавання дзяржаўнай мяжы з Украінай», – распавёў Сцебенеў.

Адвакат адзначыў, што таксама падаў хадайніцтва аб змене меры стрымання яго падабароннай. «Проста не ўсе дакументы, якія датычылі дзяцей, былі ў справе, яны з’явіліся пазней… У справе з’явіліся новыя абставіны, ёсць падставы, каб меру стрымання перагледзелі. Але зноў жа практыка такая сумная ў Расеі, што паводле асабліва цяжкіх артыкулаў я не ведаю, каб мянялі меру стрымання. Паглядзім», – адзначыў Сцебенеў.

Жыхарка Смаленскай вобласці, шматдзетная маці Святлана Давыдава была затрыманая праз тое, што патэлефанавала ва ўкраінскае пасольства і распавяла аб апусценні вайсковай часткі побач з яе домам ды аб пачутай у маршрутцы размове. Гаворка ішла пра магчымую адпраўку расейскіх войскаў у Данецк. Цяпер жанчына абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе. Па гэтым артыкуле ёй пагражае ад 12 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Раней праваабаронцы, якія наведалі Давыдаву ў СІЗА, паведамілі, што яна прызнала сваю віну.

Як распавёў муж затрыманай, яна кіравалася, на яго думку, «матчынымі меркаваннямі» і не мела мэты нашкодзіць Расеі.

Паводле govoritmoskva.ru

Глядзі таксама
Каментары