АБСЕ: Сітуацыя на Данбасе абвастрылася да надзвычайнага ўзроўню


Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе просіць абодва бакі канфлікту выконваць узятыя на сябе абавязкі.

Старшыня Спецыяльнай назіральнай місіі АБСЕ ўва Украіне Эртурул Апакан занепакоены пагаршэннем сітуацыі з бяспекай на ўсходзе Украіны.

«Мы з клопатам адзначаем рэзкае пагаршэнне сітуацыі. Колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню дасягнула ўзроўню, якога мы не фіксавалі з лютага гэтага года», – цытуе дыпламата прэс-служба АБСЕ.

Эртурул Апакан
Эртурул Апакан (Турцыя) узначаліў Спецыяльную назіральную місію АБСЕ ўва Украіне ўвесну 2014 года. Ён – дасведчаны дыпламат: у 2006–2009 быў намеснікам міністра замежных справаў Турцыі, у 2009–2012-м – пастаянным прадстаўніком Турцыі ў ААН.

За перыяд з 11 па 17 снежня АБСЕ з дапамогай сваіх супрацоўнікаў, камераў відэаназірання, а таксама беспілотнікаў зафіксавала амаль 16 тысячаў парушэнняў спынення агню – на 35 % больш, чым за папярэдні тыдзень.

Назіральная місія сцвярджае, што бакі спыняюць агонь, але пасля зноў яго распачынаюць:

«Кульмінацыяй становяцца жорсткія баявыя дзеянні, якія прыводзяць да раненняў і смерцяў, а таксама да перабояў у функцыянаванні і разбурэнні жыццёва важных аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры».

Прэсавая служба АБСЕ падае, што Эртурул Апакан заклікаў бакі выконваць узятыя на сябе абавязкі.

ДД

Стужка навінаў