АБСЕ: «З выбарамі ў Беларусі ўсё па-старому»


Сёння Кент Харстэд, віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЕ, прадставіў у Вашынгтоне вытрымкі з дакладу паводле вынікаў сёлетніх парламенцкіх выбараў. Асноўная выснова: «канструктыўных змяненняў у выбарчым працэсе так і не адбылося», але Менск «гатовы да супрацы з міжнароднымі структурамі».

У Вашынгтоне Кент Харстэд адзначыў, што беларускае заканадаўства не гарантуе дэмакратычнага правядзення выбараў, а рэкамендацыі БДІПЧ / АБСЕ Менск пакідае без увагі.

На думку чыноўніка, з часу папярэдніх выбараў сітуацыя па некаторых паказчыках нават пагоршылася.

«Фармаваньне выбарчых камісій было неплюралістычным, – цытуюць Харстэда «Беларускія навіны». – Але калі на парламенцкіх выбарах 2012 года сярод чальцоў участковых выбарчых камісій была мінімальная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі, то сёлета іх прысутнасць стала практычна незаўважнай – усяго 50 на 65 500 супрацоўнікаў выбаркамаў».

ПАСЕ лічыць «абсалютна непрымальнай» арганізацыю падліку галасоў: паводле звестак арганізацыі, 24 % міжнародных назіральнікаў так і не змаглі ўбачыць працэс падліку бюлетэняў.

Асобна Харстэд узгадаў абмежаванні, з якімі сутыкнуліся кандыдаты: няроўны доступ да медыяў і тое, што сустрэчы з выбарнікамі можна было праводзіць толькі ў пэўных частках гораду.

Асноўная рэкамендацыя, якую АБСЕ накіроўвае Мінску год за годам, тычыцца ўдасканалення выбарчага заканадаўства:

«Зыходзячы з майго дыялогу з беларускімі ўладамі, я магу сказаць, што яны разумеюць, чаго мы ад іх хочам, – кажа Херстэд. – Нам сказалі, што часу, які прайшоў паміж мінулымі і цяперашнімі выбарамі, было недастаткова для змены заканадаўства. На мой погляд, гэта выпушчаная магчымасць. Мы б паставіліся з разуменнем да таго, што працэс яшчэ не завершаны. Але каб ён быў хаця б пачаты! Тым самым Беларусь паслала б вельмі добры сігнал астатняму свету».

Харстэд дадаў, што замест гэтага Беларусь абмяжоўваецца абяцаннямі, а «АБСЕ па-ранейшаму чакае».

ДД

Стужка навінаў