АБСЕ: бакі канфлікту ва Украіне забіраюць узбраенне са сховішчаў


Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе абвінаваціла абодва бакі канфлікту на ўсходзе Украіны ў незахаванні пагадненняў аб адводзе цяжкага ўзбраення.

Назіральнікі АБСЕ зафіксавалі адсутнасць ваеннай тэхнікі ў пунктах адводу – як на складах украінскіх войскаў, так і на тэрыторыі, кантраляванай прыхільнікамі самаабвешчаных ДНР і ЛНР.

«Бакі працягваюць ускладняць ажыццяўленне намі кантролю за адводам тэхнікі. На мінулым тыдні мы наведалі дзевяць месцаў захоўвання адведзенай тэхнікі на ўкраінскім баку, два з іх былі пустыя», – паведаміў на брыфінгу ў Данецку намеснік кіраўніка спецыяльнай місіі АБСЕ ва Украіне Аляксандр Хуг.

«Паўторна мы наведалі 18 месцаў захоўвання ўзбраення ў ДНР, у пяці з іх узбраенне адсутнічала», – дадаў ён. Паводле яго слоў, у адным з такіх пунктаў узброеныя прыхільнікі ДНР паведамілі, што 11 сістэмаў «Град» выехалі ў Данецк.

Хуг падкрэсліў, што «усё гэта з’яўляецца парушэннем менскіх пагадненняў». 

Місія АБСЕ аднавіла працу свайго беспілотніка, з дапамогай якога яна назірае за сітуацыяй на лініі размежавання бакоў, аднак зноў фіксуюцца спробы яго заглушыць «з боку ваенных». Якіх менавіта ваенных, Аляксандр Хуг не ўдакладніў.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.compravda.com.ua

Стужка навінаў