«Або Расея паглыне Беларусь, або Беларусі трэба адыходзіць ад расейскага ўплыву»


Анексія Крыму, прарасейскія сепаратысты на Данбасе, актывізацыя дзейнасці пракрамлёўскіх арганізацыяў у Беларусі. Усе гэтыя падзеі выклікаюць заклапочанасць экспертаў што да лёсу нашай краіны ў віры гістарычных зменаў.

Таму і прыярытэтнымі тэмамі на Шостым міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, што праходзіць у літоўскім Коўне, сталіся менавіта: інфармацыйная палітыка, бяспека ды рэгіянальная інтэграцыя.

«Цяпер мы ў сітуацыі нявызначанасці, – кажа арганізатар кангрэсу, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. – Ніхто не ведае, як будзе выглядаць наш рэгіён у будучыні. Бо правілы, якія функцыянавалі цягам 20 гадоў, пасля 2014 года папросту зніклі. Таму цяпер мы ў стане або новага кансэнсусу ці новага супрацьстаяння, ці, можа, новай халоднай вайны».

Каб зразумець, куды мае рухацца Беларусь ды куды ідзе цяпер, больш за паўтысячы адмыслоўцаў у абсалютна розных галінах – ад гісторыі да міжнародных адносінаў, з самой Беларусі, а таксама з Вялікай Брытаніі, Польшчы, ЗША, Ізраілю ды Украіны, спрабавалі на кангрэсе знайсці рэцэпт поспеху ў складанай геапалітычнай сітуацыі.

«Або Расея паглыне Беларусь і ператворыць яе ў частку Расеі, або Беларусі паступова варта будзе эмансіпавацца ад расейскага ўплыву», – мяркуе Аляксандр Маслак з Цэнтру гуманітарнай адукацыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

Аднак, паводле прадстаўніка «Ліберальнага клубу» Яўгена Прэйгермана, афіцыйны Менск мусіць устрымлівацца ад рэзкіх рухаў у вонкавай палітыцы і спакойна, паступова прасоўваць сваю нацыянальную палітыку.

Але без яснага сігналу з боку моцных заходніх краінаў, што яны гатовыя актыўна падтрымліваць такі прагматызм і рэальную шматвектарнасць, вельмі цяжка будзе супрацьстаяць хоць бы эканамічнаму ціску Крамля на афіцыйны Менск – лічыць навуковец з Польшчы.

«Варта ўвагі прысвяціць больш іншым гульцам Усходняй Еўропы, не толькі Пуціну. Размаўляць і ў Менску, і ў Кіеве. А не толькі глядзець на Маскву як на адзінага партнёра ўва ўсёй усходняй Еўропе», – адзначыў прафесар Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук Анджэй Новак.

Але галоўнае, з чым пагадзілася большасць прысутных на кангрэсе, каб балансаваць паміж двума цэнтрамі сілы – Расеяй і Захадам, варта мець моцную культурную і нацыянальную глебу ў самой Беларусі ды самадастатковую эканоміку. А з гэтым у нас застаецца шмат пытанняў.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў