«Або похапкам, або без прозвішчаў». Як дзяржаўныя медыі пісалі пра прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва

video

«Або похапкам, або без прозвішчаў». Як дзяржаўныя медыі пісалі пра прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва

Якім крыніцам інфармацыі давяраць у асвятленні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі? Хто, як і пра каго пісаў ці казаў падчас этапу збору подпісаў? Эксперты Беларускай асацыяцыі журналістаў прэзентавалі вынікі маніторынгу першай часткі выбарчай кампаніі ў медыях.

Аб’екты ўвагі – цэнтральныя і рэгіянальныя тэле-і радыёканалы, друкаваныя выданні і вядучыя навінныя сайты.

Агульная рыса дзяржаўных і недзяржаўных медыяў сёлета – маргіналізацыя прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

АЛЕСЬ АНЦІПЕНКА, КІРАЎНІК ГРУПЫ МАНІТОРЫНГУ :
«Дзяржаўныя медыі не імкнуліся рэпрэзентаваць іх па прозвішчах, вельмі часта яны рэпрэзентаваліся або похапкам, або ўвогуле іхныя прозвішчы не называліся».

З якіх жа крыніцаў пра выбарчы працэс і пра выбары бралі інфармацыю простыя грамадзяне?

АПЫТАНКА:
«Я б не давяраў ніякім сродкам масавай інфармацыі, акрамя ўласнай інтуіцыі і размовам людзей на вуліцах… Выбары ў Беларусі – гэта някепскае камедыйнае шоу».

«Тэлебачанне, газеты…А ўвогуле я прэтэндэнтаў нашаму «бацьку» не бачу нікога. Хацелася б, канешне, бачыць, нядаўна тут была нейкая сустрэча, іх хутка разагналі».

«У асноўным – беларускае тэлебачанне, канешне: Першы канал, Другі…А таксама ў іншых навінах».

Першы нацыянальны канал, паводле маніторынгу, галоўнай палітычнай падзеі Беларусі – выбарам – надаў увагі не болей, чымся навінам спорту. Дзяржаўныя медыі ў асноўным асвятлялі дзейнасць ЦВК, тэрытарыяльных камісіяў ды мясцовых уладаў, апазіцыйных кандыдатаў ад пачатку кампаніі асабліва прадстаўлена не было.

БАРЫС ГАРЭЦКІ, ПРЭС-САКРАТАР «БАЖ»:
«Гэта робіцца з мэтай непапулярызацыі гэтых кандыдатаў, дзеля таго, каб не надаваць рэйтынгу пазнавальнасці, таму што калі адно-другое прозвішча прагучала па дзяржаўным тэлебачанні, зразумела, што гэтае прозвішча людзі як мінімум пачынаюць ведаць».

Як і варта было чакаць, найчасцей у дзяржаўных медыях з’яўлялася імя і без таго вядомага ўсім кандыдата – Аляксандра Лукашэнкі.

Сёлета не засталася па-за ўвагаю дзяржаўнай прэсы дзейнасць незалежных назіральнікаў на выбарах ад СНД ды АБСЕ. Такую ўвагу да міжнародных назіральнікаў эксперты тлумачаць не лаяльнасцю да іх, але падзеннем курсу беларускага рубля ды ўнутранымі эканамічнымі праблемамі, якія без міжнародных структураў не вырашыць.

Таццяна Уласенка, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары