Абхазія ўводзіць візы для беларусаў


Нагодай такога кроку стала крыўда на нашую краіну: Беларусь усцяж не прызнала незалежнасць марыянетачнай дзяржавы.

З 1 красавіка 2016 года беларусы, а таксама грамадзяне іншых краінаў СНД змогуць наведваць Абхазію толькі з візай.

«У законе «Аб парадку выезду з Рэспублікі Абхазія і ўезду ў Рэспубліку Абхазія», які ўступае ў сілу з 1 красавіка, ёсць шэраг навінаў. Паводле адной з іх, у Абхазію без візаў змогуць уехаць толькі грамадзяне краінаў, якія прызналі незалежнасць нашай краіны, з якімі заключана пагадненне аб узаемных бязвізавых паездках», – заявіў Валер Бганба, спікер парламенту Абхазіі.

На сёння незалежнасць Абхазіі прызналі толькі Расейская Федэрацыя, Венесуэла і Нікарагуа, а таксама яшчэ адна марыянеткавая дзяржава – Паўднёвая Асеція. Пагадненне пра бязвізавы рэжым ратыфікавалі наагул дзве – Расея і Нікарагуа. Паколькі з большасцю дзяржаваў у Абхазіі і без таго дзейнічае візавы рэжым, новаўвядзенне закране Азербайджан, Арменію, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдову, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан ды Украіну.

Нягледзячы на ціск Расеі, Беларусь так і не прызнала незалежнасць Абхазіі і дагэтуль лічыць яе часткаю Грузіі.

Цяпер у беларусаў ёсць паўтара месяца, каб наведаць сепаратысцкі грузінскі рэгіён без візы. Зрабіць гэта можа самастойна або з дапамогай беларускіх тураператараў. Кошты на пуцёўкі вагаюцца ад Br 2,5 да 32 млн.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары