Абаронцы жывёлаў: Пад выглядам «лібералізацыі» міліцыя скарачае свае абавязкі


МУС не хоча займацца артыкулам «Аб жорсткім абыходжанні з жывёламі», абаронцы жывёлаў бʼюць трывогу.

У межах прапанаванай «лібералізацыі» Міністэрства ўнутраных справаў хоча выключыць з кампетэнцыі сваіх супрацоўнікаў кантроль за жорсткім абыходжаннем з жывёламі. Тлумачэнне: гэта «неўласцівая для міліцыі функцыя», якая перашкаджае «выкарыстоўваць супрацоўнікаў для рэальнага забеспячэння грамадскай бяспекі, прафілактыкі злачынстваў».

«Калі гэтыя прапановы міністэрства будуць уведзеныя ў заканадаўства, адміністратыўныя пратаколы адносна фактаў жорсткага абыходжання з жывёламі павінныя будуць складаць не міліцыянеры, а іншыя дзяржаўныя органы. Фактычна, у такім выпадку шматлікія факты жорсткага абыходжання з жывёламі могуць застацца беспакаранымі», – пішуць у сваім звароце абаронцы жывёлаў.

Усяго год таму ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях былі ўнесеныя праўкі, якія абавязалі праваахоўнікаў складаць пратаколы паводле артыкулу 15.45 «Жорсткае абыходжанне з жывёламі». Дагэтуль пратаколы мусілі складаць супрацоўнікі выканкамаў, што складана ўявіць.

«Нагадаем, што з прапановай ускласці абавязак за складанне пратаколаў па артыкуле 15.45 «Жорсткае абыходжанне з жывёламі» у 2014 годзе ў розныя дзяржаўныя органы звярталіся вядомыя людзі краіны (ёсць калектыўны зварот ад пісменнікаў, музыкаў, палітыкаў), зааабарончыя арганізацыі, а таксама сотні грамадзянаў. То бок, шырокая грамадскасць ужо дастаткова адназначна выказвала сваё меркаванне па дадзеным пытанні!» – заўважаюць абаронцы жывёлаў.

І звяртаюць увагу на тое, што катаванні і здзекі над жывёламі могуць быць першай ступенню злачынцы на шляху да нападаў на людзей. Таму міліцыя не павінна адмаўляцца ад сваіх цяперашніх абавязкаў, мяркуюць абаронцы жывёлаў.

У інтэрнэце запушчаны збор подпісаў за тое, каб складанне пратаколаў паводле артыкула «Жорсткае абыходжанне з жывёламі» засталося ў кампетэнцыі міліцыі.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары